Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 10 асуджаных
25 жніўня 2022
109

Зняволеныя Павел Абуховіч, Аляксей Грыцкевіч, Павел Бабчонак, Уладзімір Рабчанка, Уладзімір Прадкін, Іван Супрунчык, Віталь Гузаў, Аляксей Парэцкі, Роберт Кузняцоў, Аляксей Багдзей прызнаны беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Усе яны, акрамя Аляксея Багдзея, маюць у прысудзе артыкул 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). Багдзей асуджаны паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293 КК за нібыта падрыхтоўку да арганізацыі масавых беспарадкаў.

«Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, размешчанай на сайце ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна».

На 25 жніўня 2022 года колькасць палітзняволеных у Беларусі, паводле праваабаронцаў, дасягнула 1309 чалавек.