Праз месяц пасля стварэння пераходны кабінет Ціханоўскай прыняў першую пастанову
8 верасня 2022
158

Аб неабходнасці абароны незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь гаворыцца з першай пастанове Аб’яднанага пераходнага кабінета, што быў створаны напачатку жніўня на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні.

Згодна прынятай 7 верасня 2022 года пастановы, лукашэнкаўскія ўлады ёсць марыянеткай у руках Расійскай Федэрацыі і спрыяюць агрэсіі Расіі супраць Украіны. Дзеянні ўраду Лукашэнкі нясуць пагрозу страты незалежнасці Беларусі.

Насуперак нацыянальным інтарэсам Беларусі і насуперак волі беларускага народа на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расійскія войскі, якія выкарыстоўваюць тэрыторыю і інфраструктуры Беларусі для агрэсіі супраць Украіны, што з’яўляецца прыкметай акупацыі”, – адзначаецца ў пастанове.

Аб’яднаны пераходны кабінет патрабуе безумоўнага вываду войскаў Расіі з тэрыторыі Беларусі, абяцае аказваць усямерную дапамогу Ўкраіне па адбіцці расійскай ваеннай агрэсіі, у тым ліку шляхам арганізацыйнай і тэхнічнай падтрымкі беларускага добраахвотніцкага, валанцёрскага і партызанскага рухаў у барацьбе за адстойванне незалежнасці Беларусі і Ўкраіны. 

Таксама кабінет пастанавіў забяспечыць забяспечыць прадстаўленне інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, паведамляе тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета

Нагадаем, што даны кабінет быў створаны 9 жніўня 2022 года на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні. У яго склад увайшлі Святлана Ціханоўская (кіраўніца), Павел Латушка (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады), Валер Кавалеўскі (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па замежных справах), Аляксандр Азараў (прадстаўнік кабінета па аднаўленні правапарадку), Валерый Сахашчык (прадстаўнік кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы).

Згодна паведамлення аб прыняцці першай пастановы, на працягу месяца кабінет ствараў каманду — і працягвае гэта рабіць. Неўзабаве будуць абвешчаныя новыя прадстаўнікі. Акрамя таго, вялася праца па ўжо вызначаных напрамках — і пра гэта таксама хутка з’явяцца навіны ў створанным канале Кабінета.