
Прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ наведала дэмакратычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, дзе сустрэлася з лідэрам беларускага пратэста Святланай Ціханоўскай.
«Рада нарэшце наведаць дэмакратычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, заўсёды прыемна сустрэцца са Святланай Ціханоўскай і яе камандай. Літва нязменна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь і ўсіх яе жыхароў, якія ратуюцца ад рэпрэсій», — цытуе тэлеграм-канал «Позірк» словы Шыманітэ ў «Твітары».
Літоўскі прэмьер-міністр абяцала і надалей рабіць усё, каб прадстаўнікі беларускіх дэмсіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці і СМІ былі ў бяспецы ў Літве і маглі годна жыць і працаваць.
Паводле інтэрнэт-выдання Delfi, якое спасылаецца на прэс-службу дітоўскага прэмьер-міністра, Шыманітэ запэўніла, што Літва будзе таксама імкнуцца захаваць справу свабоды Беларусі ў міжнароднай павестцы, «падтрымлівала і будзе падтрымліваць патрабаванні беларусаў аб спыненні рэпрэсій у краіне, вызваленні і поўнай рэабілітацыі палітзняволеных, правядзенні свабодных і дэмакратычных выбараў».
Святлана Ціханоўская ў сваю чаргу распавяла высокапастаўленай чыноўніцы пра створаны 9 жніўня 2022 года новы Аб’яднаны пераходны кабінет, спосабы дапамогі беларусам, якія ратуюцца ад рэпрэсій і вайны. «Я распавяла пра беларусаў, якія дапамагаюць Украіне і супрацьдзейнічаюць расійскай прапагандзе“, — цытуе тэлеграм-канал «Позірк» Ціханоўскую.
Нагадаем, што напачатку жніўня Святлана Ціханоўская і старшыня рабочай групы па Беларусі Еўрапейскага парламента Юозас Алекас абмеркавалі, як прымусіць Лукашэнку адказаць за вайну ва Ўкраіне.
Фота: Delfi
Матэрыялы па тэме: