Прэм’ера фільма пра Полк Каліноўскага прайшла ў Польшчы
20 лістапада 2022
148

У некалькіх гарадах Польшчы, у беларускіх прасторах, увечары 19 лістапада 2022 года прайшоў прэм’ерны паказ фільма-рэпартажа пра Полк Каліноўскага. Нягледзячы на тое, што карціна насіла яскрава выражаны агітацыйны характар, гледачам яна спадабалася.

Фільм Усяслава Пашкевіча (блогер Тутэйшы Шляхціч) створаны ў рамках праекта “Гэта Мінск, дзетка”. Каманда гэтага праекта займаецца вырабам відэа-кантэнту, піша “Новы час“.

Для таго, каб зняць фільм кінематаграфісты працавалі ў дзвюх краінах – Польшчы і Ўкраіне. У першай – таму што менавіта туды напачатку прыязджаюць тыя, хто выказвае жаданне далучыцца да Палка Каліноўскага. Пасля адмысловых праверак яны трапляюць ва Ўкраіну, дзе вучацца вайсковай справе, а потым накіроўваюцца ў месцы баёў.

Часам ажыццяўлення свайго жадання далучыцца да падраздзялення беларусаў ва ўкраінскай арміі прыходзіцца чакаць вельмі доўга. Як, напрыклад, цяперашняй прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціне “Чабор”. Адабрэнне сваёй заяўкі пасля трохмесячнага чакання называе адным з самых шчаслівых дзён у яе жыцці. Цяпер яна ў Палку разам са сваім мужам, і лічыць падраздзяленне надзеяй беларускага народа на вызваленне роднай краіны ад дыдктатарскай улады. 

Крысціна, як адна з гераінь карціны, лічыць, што яе падраздзяленню вельмі важна прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы. Ёй ўторыць баец з пазыўным “Булак”. “Неабходна медыйна прасоўваць Полк Каліноўскага, каб людзі ведалі пра яго і каб размяжоўвалі беларусаў і лукашыстаў”, – адзначае ён. 

Героі фільма, а гэта, акрамя вышэй узгаданых, дзяўчына-медык, байцы з пазыўнымі “Ціль” і “Вульф” у адзін голас заклікаюць далучацца да іх альбо дапамагаць падраздзяленню усялякімі спосабамі. У прыватнасці, пералічваць грошы, перадаваць медычныя сродкі і абсталяванне, паведамляць аб дзейнасці размешчаных у Беларусі вайсковых падраздзяленняў. 

Што ж тычыцца цяперашняй сітуацыі ў роднай краіне, то ў вачах герояў фільма яна выглядае змрочна. “У чужой, хоць і брацкай краіне я дыхаю лягчэй, чым у роднай”, – кажа “Ціль”. “Было памылкай спрабаваць у 2020 годзе дамовіцца з ўладамі. І цяпер адзіны шлях – гэта сілавы варыянт”, – упэўнены “Вульф”.

Найбольш каларытным персанажам выглядае сталых гадоў украінец з Ірпеня. Мясцовы жыхар эмацыйна і яскрава распавядае, як напачатку вайны іх абаранялі беларусы з Палка Каліноўскага. І не толькі абаранялі, але і аддавалі за Ўкраіну свае жыцці. З непрыхаванай агідай, ужываючы ненарматыўную лексіку, ён характарызуе Аляксандра Лукашэнку, адзначаючы пры гэтым, што да беларусаў яго стаўленне не змянілася – украінец лічыць іх выдатнымі людзьмі.

Паводле стваральнікаў фільма, свае жыцці за свабоду і незалежнасць Украіны аддалі ўжо 15 беларускіх байцоў-дабраахвотнікаў. “Сёння Полк Каліноўскага – гонар і надзея беларускай нацыі”, – гэта галоўны пасыл карціны.

Разам з тым па-за кадрам засталіся пытанні, на якія хацелася б пачуць адказы і якія наўпрост тычацца выбітнага вайскавога падраздзялення. Напрыклад, як развіваецца палітычны складнік дзейнасці Палка, пра які было гучна заяўлена некалькі месяцаў назад, якія адносіны з іншымі актарамі беларускага палітычнага поля, якія стасункі з іншымі падраздзяленнямі ўкраінскай арміі, дзе змагаюцца з расійскай навалай беларускія дабраахвотнікі, і, зважаючы на скандал з былым байцом Палка Паўлам Кулажанкам, ці многа было людзей, з якімі падраздзяленню аказалася не па дарозе.

Аднак гледачы, у прыватнасці, у Беластоку, прыхільна паставіліся да фільма, прачакаўшы дзве гадзіны ад анансаванага часу паказа. “Фільм цалкам спадабаўся. Нейкіх заўваг няма, паколькі ў мяне зараз знаёмы ў Палку Каліноўскага. Яшчэ адзін знаёмы збіраецца туды ехаць з Варшавы. Уразіў той дзядзька-ўкраінец, мясцовы жыхар, калі яго спыталі – “ці змянілася ваша стаўленне да беларусаў?”, то ён адказаў так, як я хацеў бы, каб адказвалі ўсе ўкраінцы – што беларусы гэта сябры ўкраінцаў, мы разам і назаўжды”, – распавёў карэспандэнту “Дыяспары.info” адзін з гледачоў па імені Аляксандр.

Фільм спадабаўся. Каларытны персанаж дзядуля, канечне. Глас народа – глас Божы. Ёсць пара заўваг па сюжэтным складніку. Яго лінія мне падаецца крыху раскіданай, сыравата, я думаю. Можна было б нейкія ўстаўкі зрабіць. Мне падаецца, меней трэба было рабіць акцэнт на сілавым складніку ў перспектывах палітычнага ўдзелу Палка Каліноўскага. Для многіх гэта думка нязвыклая і даволі склізкая”, – адзначыў глядач Васіль.

Мне усё спадабалася. Я не з Беларусі, але цікава, усё зразумела. Уразіла, што людзі не баяцца ехаць туды, малайцы”, – паведаміла іншая глядачка Яна.

Мяне асабіста закрануў спіч гэтага дзядзькі, якога яны апыталі там. Ведаеце, ад пачатку вайны ва Ўкраіне ненарматыўная лексіка перастала быць абразлівай. Гэтыя эпітэты, якія казаў гэты спадар, вельмі яскрава характарызуюць тое, што многія з нас не дазваляюць сабе вымавіць, але дакладна думаюць і адчуваюць”, – распавёў у сваю чаргу глядач Ігар.

Даведка: Полк Каліноўскага (да 21 мая 2022 года батальён імя Кастуся Каліноўскага) — вайсковае фарміраванне ў складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны, створанае падчас расійска-ўкраінскай вайны 2022 года для абароны незалежнасці Ўкраіны, у прыватнасці абароны Кіева. Складаецца з беларускіх добраахвотнікаў. Названы ў гонар беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.

Паводле ўласных заяў, полк не ўключаны ў Міжнародны легіён тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны, каб захаваць большую аўтаномію.