Прэзентацыя фотакнігі «Плошча Перамен» запланавана ў Варшаве і Вільні
15 жніўня 2022
202

Фотакнігу «Плошча Перамен» – праект мінскага фатографа Яўгена Атцецкага плануецца прадставіць публіцы ў Варшаве 18 жніўня 2022 года і ў Вільні 23 жніўня 2022 года.

«Праз дакументальную фатаграфію праект расказвае і паказвае, як фармавалася дваровая супольнасць. Гэта гісторыя пра тое, як дзіцячая пляцоўка стала месцам супрацьстаяння, самаарганізацыі, праявы салідарнасці і палітычнай актыўнасці, а потым ператварылася ў мемарыял загінулага Рамана Бандарэнкі і, нарэшце, у сімвал беларускіх пратэстаў 2020-2021 гадоў», – гаворыцца на сайце, прысвечаным праекту.

Аўтар кнігі, акрамя таго, што займаецца фатаграфіяй, яшчэ ёсць і жыхаром легендарнага мінскага двара, які выступіў супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Тады яго суседзі пратэставалі даступнымі для сябе сродкамі, выступаючы супраць беззаконня.

«Яўген дакументаваў жыццё супольнасці: ад з’яўлення першага мурала з «дыджэямі перамен» да акцый памяці ў гонар загінулага Рамана Бандарэнкі, выкрадзенага невядомымі з дзіцячай пляцоўкі ў двары», – распавядаецца на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У Варшаве прэзентацыя пройдзе 18 жніўня ў Беларускім моладзевым хабе, plac Konstytucji, 6, пачатак а 19:00.

У Вільні прэзентацыя пройдзе пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў

23 жніўня, а 19:00, у памяшканні Architektūros fondas, Vitebsko, 23.