Прыехаўшага з Украіны футбаліста Хамутоўскага прыгаварылі да двух гадоў “хатняй хіміі”
29 снежня 2022
165

Былы галкіпер футбольнай зборнай Васіль Хамутоўскі, які восенню 2022 года вярнуўся з Украіны ў Беларусь, асуджаны на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Хамутоўскага абвінавачвалі па арт. 342 КК РБ (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Справу разглядала суддзя Ленінскага раёна Мінску Таццяна Шоцік, піша “Трыбуна.com”.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці рашуча асуджае несправядлівы прысуд Васілю і лічыць яго незаконным. Усе, хто мае дачыненне да злачынстваў і рэпрэсій, панясуць справядлівую адказнасць“, – гаворыцца ў тэлеграм-канале Athletes for Freedom.

Нагадаем, што Хамутоўскі быў затрыманы 30 верасня 2022 года. Тады праўладны тэлеграм-канал называў Хамутоўскага здраднікам, які, “вернулся в страну за качественными медуслугами, которые в Беларуси в разы дешевле, чем за рубежом”. Там жа было размешчана пакаяннае відэа з нім.

Хамутоўскі прызнае, што ў 2020 годзе, падчас акцый пратэсту, ён выходзіў на праезную частку. Цяпер у адносінах да спартоўца ўзбуджана крымінальная справа. Апошнім часам ён працаваў ва Ўкраіне, быў трэнерам брамнікаў ФК “Львоў”.

Затрыманне лукашэнкаўскімі ўладамі свабоднага спартсмена Васіля Хамутоўскага выклікала абурэнне ў дыяспары. У Кракаве 1 кастрыніка 2022 года нашы суайчыннікі выйшлі на акцыю салідарнасці з ім.

27 снежня 2022 года Васіль Хамутоўскі быў прызнаны палітычным зняволеным.