Рада БНР заснавала медаль Ордэну Пагоня
25 лістапада 2022
229

Беларускія і замежныя грамадзяне беззаганнага характару, якія маюць асаблівыя заслугі перад беларускім народам цяпер могуць быць узнагароджаны медалём Ордэну Пагоні, які заснавала Рада Беларускай народнай рэспублікі (БНР).

“Гэтым мэдалём Рада БНР да складання сваіх паўнамоцтваў будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларуссю і беларускім народам”, – напісала ў Facebook старшыня Рады Івонка Сурвіла. Паводле яе, заснаванне медаля Ордэну Пагоні прымеркавана да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

Ордэн Пагоні – найвышэйшая ўзнагарода Рады БНР, якая была заснаваная ў 1947 годзе і абапіраецца на традыцыі беларускіх дзяржаўных узнагародаў часоў Рэчы Паспалітай, у прыватнасці, на Ордэн Белага арла, заснаваны 1 лістапада 1705 г. Вялікім князем Літоўскім і Каралём польскім Аўгустам II Моцным. Медаль Ордэну Пагоні, заснаваны ў 2022 годзе, з’яўляецца ўзнагародай Ордэну, вышэй за якую з’яўляецца тытул кавалера або дамы Ордэну Пагоні”, – паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Рады БНР.

Узнагароджвацца гэтым медалём могуць асобы, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі; выбітныя грамадскія і культурніцкія дзеячы Беларусі і беларускага замежжа; замежнікі, якія спрычыніліся да даследванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Медаль уручаецца адмысловым дэкрэтам Старшыні Рады БНР і можа быць пасмяротнай узнагародай, але надавацца напрацягу не больш як дзесяці гадоў пасля смерці. У выпадку пасмяротнага ўзнагароджання мэдаль уручаецца блізкім сваякам узнагароджанай асобы.

Першымі ўзнагароджаныя медалём Ордэну Пагоні сталі актывісты і пратэстоўцы, якія загінулі ў сувязі з беларускімі пратэстамі 2020-2021 гадоў: Вітольд Ашурак, Раман Бандарэнка, Мікіта Крыўцоў, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў і Канстанцін Шышмакоў.

Беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне ў 2022 годзе: Зміцер Апанасовіч, Аляксей Вешчавайлаў, Павал Волат, Васіль Грудовік, Канстанцін Дзюбайла, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Зміцер Рубашэўскі, Аляксей Скобля, Ілля Хрэнаў і Вадзім Шатроў.

Беларускія добраахвотнікі і ваяры, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці і на вайне ва Ўкраіне з 2014 года: Міхаіл Жызьнеўскі, Мікалай Іллін, Алесь Чаркашын і Віталій Ціліжэнка.

Нагадаем, што ў жніўні 2022 года Рада БНР перадала Палку імя Каліноўскага сцяг, зроблены беларусамі Вільні. Падзея сімвалізавала пераемнасць і перадачу баявога духу паўстанцаў 1863 года.

Фота: афіцыйны тэлеграм-канал Рады БНР