Рада Еўропы рашыла стварыць групу па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам
8 верасня 2022
175

Прапанова Святланы Ціханоўскай стварыць у Радзе Еўропы кантактную групу па супрацоўніцтву з беларускім грамадствам падтрымана еўрапейскімі чыноўнікамі. 

Яшчэ раней Рада Еўропы адмовілася ад кантактаў з прадстаўнікамі нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі на карысць дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. “Гэта выразны сігнал беларускаму народу, што Рада Еўропы не прызнае рэжым Лукашэнкі, але ў той жа час мае намер супрацоўнічаць з прадстаўнікамі дэмакратычнага руху ў інтарэсах усяго беларускага народа”, – піша тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай, адзначаючы, што праз гэту групу будзе адбывацца рэгулярны абмен інфармацыяй, і яна дапаможа Радзе Еўропы ў выпрацоўцы пазіцый па Беларусі. 

Таксама плануецца, што кантактная група зможа каардынаваць і рэалізоўваць праекты ў рамках розных праграм Рады Еўропы, рыхтаваць праекты рэформаў і дэмакратычных пераўтварэнняў для новай Беларусі.

У кантактную групу ўвойдуць прадстаўнікі структур Рады Еўропы, а таксама грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл. Склад кантактнай групы будзе яшчэ абмяркоўвацца”, – адзначаецца ў паведамленні.

Да гэтага часу Рада Еўропы, як і іншыя міжнародныя арганізацыі, працавалі з краінамі праз фармальныя ўрады. Нават калі нешта рабілася з грамадзянскай супольнасцю, то звычайна ўзгаднялася і вырашалася з урадам. Цяпер без рэжыму – толькі дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць. Гэта новы фармат, які, здаецца, ня мае прэцэдэнтаў. Гэта таксама знак, што Рада Еўропы разглядае Беларусь і беларусаў сваімі партнэрамі, і адкрытыя да супрацы”, – напісаў у Facebook дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.