Распачаты прыём заявак на беларускую праграму кінафестываля «Паўночнае ззянне»
6 жніўня 2022
266

Арганізатары Восьмага фестываля кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне – 2022» абвесіцілі аб прыёме заявак на ўдзел у яго адмысловай беларускай праграме.

«Цяпер, калі мы, беларусы, аказаліся раскіданыя па краінах, нам, як ніколі, важна зразумець, хто мы, які шлях прайшлі і куды рушым. Нягледзячы на перашкоды і адлегласць, мы працягваем здымаць кіно пра беларусаў, думаць ды гаварыць пра Беларусь», – адзначаецца ў Instagram кінафестываля.

Для таго, каб прапанаваць свой фільм для ўдзелу ў беларускай праграме, трэба запоўніць заяўку да 1 верасня 2022 года. Таксама можна даслаць ананiмна лист на пошту by@northernlightsff.com.

«З 2020-га на #northernlightsff можна было пабачыць паўнавартасную беларускую праграму, гэта і дакументальныя, і ігравыя кінастужкі. І сёлета мы шукаем фільмы-выказванні — створаныя ў 2021-2022 гадах беларусамі з усяго свету. У нас няма абмежаванняў датычна формы, жанру, працягласці фільма ці датычна любых іншых крытэрыяў», – гаворыцца ў абвестцы.

Паказы беларускіх кінастужак будуць праходзіць як у online, так і ў offline-фармаце па-за межамі Беларусі. Кожны аўтар ці аўтарка фільму зможа абраць фармат удзелу на сваё жаданне, перадае Белсат.

Фестываль кіно «Паўночнае ззянне» — штогадовы фестываль, які прапануе беларускім гледачам найноўшыя гульнявыя і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы і краін Балтыі. Ён быў упершыню арганізаваны ў 2015 годзе і працягвае ладзіцца пры падтрымцы Офіса Савета міністраў Паўночнаеўрапейскіх краін у Літве, распавядаецца на сайте кінафестываля. Паводле размешчанай там інфармацыі, сёлета ён запланаваны на 20-30 лістапада.