У Празе 505 гадоў таму свет пабачыла першая друкаваная беларуская кніга
6 жніўня 2022
233

Першая друкаваная беларуская кніга – «Псалтыр» была выдана ў замежжы. Гэта адбылося 6 жніўня 1517 года дзякуючы нашаму першадрукару Францыску Скарыне, які тады жыў у Празе.

«Псалтыр» Скарыны быў не проста кнігай, а падручнікам, бо змяшчаў разнастайныя веды. Асветнік падкрэслівае навучальны характар першадруку: «Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполной Бивлии, Псалтыру, чти ее».

Паводле Вікіпедыі, скарынаўскі «Псалтыр» выдадзены на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі.

Першая беларуская кніга ледзьве не згубілася. «У 1776 годзе пецярбургскі кнігагандляр Вогак набыў канвалют — так называюць кнігу, дзе пад адной вокладкай сабрана некалькі выданняў. Там было шэсць пражскіх выданняў Скарыны і ўрывак з «Псалтыры». Але аб’ява аб знаходцы ў навуковым свеце прайшла амаль незаўважанай, а канвалют згубіўся. У 1860-х гадах на Ніжагародскім кірмашы «Псалтыр» купіў мецэнат Хлудаў. Пасля гэтага і даведаўся пра першую ўсходнеславянскую друкаваную кнігу навуковы свет», – піша «Звязда».

Друкаваная біблія Францыска Скарыны – пятая ў свеце, выданая на жывой тагачаснай мове, пасля нямецкага, італьянскага, чэскага і галандскага перакладаў, распавядаецца на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.