Рух “Вольная Беларусь” заклікаў даць Украіне ўсю неабходную сучасную зброю
19 студзеня 2023
117

Кіраўніцтва Руху “Вольная Беларусь” на чале з Зянонам Пазьняком прыняло 19 студзеня 2023 года зварот “да дэмакратычнага грамадства і дэмакратычных урадаў”, у якім заклікала дапамагчы Ўкраіне неабходнай зброяй для змагання з расійскай агрэсіяй. 

Мы звяртаемся да дэмакратычнага грамадства і дэмакратычных урадаў адкінуць усе пабочныя супярэчнасці і ілюзіі і тэрмінова, неадкладна, у неабходных колькасцях і маштабах дапамагчы Ўкраіне сучаснай зброяй дзеля абароны ўкраінскай Айчыны і ўсяго вольнага свету ад небяспекі новага расійскага фашызму, агрэсіі і вайны”, – гаворыцца ў звароте, які размешчаны ў тэлеграм-канале Зянона Пазьняка.

Там жа адзначаецца, што Ўкраіна мужна змагаецца супраць расійскага агрэсара за сваё існаванне, за свабоду і волю дэмакратычнага свету. “Колькасныя і тэхнічныя ваенныя рэсурсы расійскага агрэсара шматкроць большыя, чым колькасныя і тэхнічныя вайсковыя рэсурсы Ўкраіны. Але гераічны Ўкраінскі народ і яго армія ўжо амаль год стрымліваюць агрэсараў. Украінцы здольныя да перамогі, калі будуць мець неабходныя ўзбраенні”, – упэўнены ў “Вольнай Беларусі”.

Паводле арганізацыі, цяпер крытычны час, а Расія рыхтуе маштабную мабілізацыю, якая можа дасягнуць паўтары-два мільёны чалавек. “Нельга дапусьціць, каб варварскі пуцінскі рэжым знішчыў Украіну і прымусіў Захад пагадзіцца са злачынствамі расійскага войска супраць народа Ўкраіны”, – кажуць “патрыёты Беларусі, краіны, акупаванай расейскімі войскамі і здрадніцкай антыбеларускай клікай Лукашэнкі, якая забівае і катуе мірных беларусаў”.

Зварот ад Беларускага нацыянальнага сакратарыяту Руху «Вольная Беларусь» падпісалі Зянон Пазьняк, Павел Усаў, Юры Беленькі (на здымку адпаведна аддалення).

Нагадаем, што 2 кастрычніка 2022 года Рух “Вольная Беларусь” правеў устаноўчы сход (Вальны Сойм), дзе стварыў кіруючы орган – Каардынуючую Ўправу. На сходзе былі абраныя кіруючыя органы, якімі з’яўляецца Каардынуючая Ўправа (выканаўчы орган, кіраўнік Віктар Каралькоў) і створаны раней Беларускі нацыянальны сакратарыят (палітычна-ідэалагічны орган).

Фота: тэлеграм-канале Зянона Пазьняка