Сацыёлагі: беларусы ў РБ дастаткова высока ацэньваюць дзейнасць дыяспары
19 студзеня 2023
454

Беларусы ў Беларусі ацэньваюць грамадскую дзейнасць дыяспары вышэй, чым сама дыяспара, якая мае заніжаную самаацэнку. Да такой высновай прышлі аўтары сацыялагічнага даследавання “Беларуская дыяспара: партрэт, сувязі, перспектывы”.

Анлайн-прэзентацыя даследавання, якое праводзілі сацыёлагі Генадзь Коршунаў і Максім Кудрэвіч, адбылася 19 студзеня 2023 года. Даследаванне праходзіла з 3 па 30 кастрычніка 2022 года анлайн і непасрэдна закранула 1631 чалавека як за межамі Беларусі, так і ўнутры краіны. 

Згодна высноў, якія яны зрабілі, тыповы прадстаўнік дыяспары – мужчына 30-35 гадоў з вышэйшай адукацый і прыбыткам вышэй за сярэдні, які пакінуў Радзіму па палітычных прычынах і пражывае ў Польшчы. 

Дыяспара актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, падтрымлівае з ёй трывалыя сувязі, у першую чаргу, з блізкімі. Пераважная большасць беларусаў замежжа займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю, адзначаюць аўтары сацыялагічнага даследавання.

Найбольшая колькасць прадстаўнікоў дыяспары, паводле Коршунава і Кудрэвіча, знаходзіцца ў Польшчы (45%), Грузіі (10,1%), Літве (8,4%) і Германіі (6,4%). Яны таксама лічаць, што дыяспару можна ахарактарызаваць як маладую, адукаваную і нядрэнна забяспечаную. 53,2% яе прадстаўляюць мужчыны. Ядром дыяспары сацыёлагі назвалі тых, хто эміграваў да 2015 года. “Найбольшая доля ў дыяспарах “старой Еўропы”, Новага Свету і Расіі – людзі, пакінуўшыя Беларусь да 2015 года”, – указваюць даследчыкі.

Практычна ўсе рэспандэнты пакінулі Беларусь законным шляхам (95,5%). На першым месцы сярод штуршкоў да эміграцыі сталі мяркаванні бяспекі, на другім – адсутнасць перспектыў, на трэцім – эканамічныя прычыны.

Унутрыдыяспарныя сувязі даследчыкі характарызуюць як даволі шчыльныя – 95% рэспандэнтаў падтрымліваюць адносіны з іншымі эмігрантамі. 

Пераважная большасць эмігрантаў прымаюць удзел у той ці іншай грамадскай дзейнасці. Не ўдзельнічаюць у ёй толькі 15% апытаных. Цікава, што найбольшая доля тых, хто не прымае ўдзелу, прыпадае на апошнюю хвалю пераехаўшых, г.зн. пакінуўшых Беларусь у 2022 годзе (24,7%). Галоўным накірункам сваёй грамадскай дзейнасці 73% рэспандэнтаў лічаць Радзіму. Украіну ў такой якасці ўказалі 55% апытаных. 30% лічаць, што трэба дапамагаць усім, каму патрабуецца дапамога.

Пры гэтым найбольш карыснымі для Беларусі рэспандэнты лічаць намаганні па недапушчэнні змяшання беларусаў і рэжыму Лукашэнкі ў вачах суседніх народаў. (“Беларусь – не раўно Лукашэнка”) і ўзаемную падтрымку (“Беларус беларусу беларус”) як сярод дыяспары, так і сярод тых, хто зараз у Беларусі.

Акрамя таго, тыя, хто на Радзіме, вышэй ацэньваюць важнасць журналісцка-экспертнай дыяспарнай дзейнасці і магчымасці быць “голасам беларусаў”.

Беларусы па абодва бакі ад беларускай мяжы разумеюць, што аказваць уздзеянне на рэжым і дасягаць мэт пратэста можна толькі сумеснымі намаганнямі, сцвярджаюць сацыёлагі. У гэтым рэчышчы дыяспара больш праактыўна і патрабавальна як да сябе, так і да тых, хто ў Беларусі. Хоць адрозненні паміж беларусамі ўнутры краіны і дыяспарай не маюць значнага характару. У той жа час у ацэнках дзейнасці дыяспары беларусы ўнутры краіны куды больш пазітыўныя, чым уласна дыяспара. “Трэба мяркаваць, што даныя даследаванні дэманструюць, што беларускай дыяспары варта пазітыўней глядзець на сябе і больш аптымістычна ацэньваць вынікі сваёй працы”, – робяць выснову Коршунаў і Кудрэвіч.

Што ж тычыцца планаў дыяспары, то тут сітуацыя, паводле сацыёлагаў, умоўна аптымістычная. 42,1% апытаных плануюць вяртацца на Радзіму, 25,3% – не. Не змаглі адказаць на пытанне аб сваіх далейшых перспектывах наконт вяртання 35,6% апытаных. Пры гэтым адзначаецца, што многае залежыць ад часу пражывання за мяжой і “фактару Лукашэнкі”. Цікава, што тыя, хто застаўся ў Беларусі, больш пазітыўна глядзяць на магчымасць вяртання суродзічаў. 41,9% апытаных унутры краіны лічаць, што вярнуцца больш за палову з’ехаўшых.

Большасць тых, хто не збіраецца вяртацца, гатовы разнастайнымі спосабамі прымаць удзел у развіцці Беларусі, калі Лукашэнкі не будзе пры ўладзе. Такіх сацыёлагі налічылі 70,4%

Пытанне журналістаў аб колькасці беларускай дыяспары ў свеце, сацыёлагі без адказу, аргументуючы гэта адсутнасцю дакладных даных.

У рэкамендацыях, якія робяць даследчыкі, адзначаецца, што дыяспара з’яўляецца тым суб’ектам, які хоць і мае праактыўны характар, але свой сацыяльны капітал выкарыстоўвае не ў поўнай меры. Яны бачаць мэтазгодным ствараць умовы для гарызантальнага (нецэнтралізаванага) трансгранічнага супрацоўніцтва на базе незалежных арганізацый і/ці праектаў. Іх галоўнай мэтай павінна быць Беларусь. 

Сацыёлагі прыйшлі да высновы, што адной з праблемных кропак дыяспары з’яўляецца яе заніжаная самаацэнка, недаацэнка свайго значэння як для Беларусі, так і для самой сябе. Таму, на іх погляд, відавочна неабходнасць больш шырокай пазітыўнай прэзентацыі дыяспарнай дзейнасці.

Нагадаем, што ў жніўні 2022 года Генадзь Коршунаў адзначаў, што акцыі беларусаў у замежжы паказваюць іншым народам, што беларусы, гэта не тое ж самае, што лукашэнкаўскі рэжым. У той жа час дыяспара расце і ўзмацняецца, дзякуючы яго дзеянням.