Сацыёлагі: дыяспара ў Грузіі, Літве і Польшчы падтрымлівае Ўкраіну і змірылася з дыскрымінацыяй
26 жніўня 2022
164

Беларусы ў Грузіі, Літве і Польшчы супраць палітыкі Лукашэнкі і расійскай агрэсіі на Ўкраіну, яны звыкліся з праявамі дыскрымінацыі да сябе, але разам з тым гатовы і надалей падтрымліваць украінцаў. Пра гэта сведчыць сацыялагічнае даследаванне Фонда імя Фрыдрыха Эберта.

Сацыялагічнае даследаванне было прадстаўлена сёння 26 жніўня 2022 года на платформе Zoom пры дапамозе Press Club Belarus.

«Погляды амаль усіх беларусаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі ў Польшчы, Літве і Грузіі, не супадаюць з дзеяннямі А.Лукашэнкі і ўзначаленага ім урада, у сувязі з чым неабходна падзяляць погляды беларусаў, якія выехалі ў іншыя краіны, і дзеянні беларускага рэжыму», – прыйшлі да такіх высноў навукоўцы.

Паводле даследавання, асноўным вінаватым у расійска-ўкраінскай вайне вайны больш за 97%
прадстаўнікоў дыяспары лічаць менавіта Расію. Аднак толькі траціна з апытаных згодны з тым, што Беларусь саўдзельнічае ў вайне.
Не менш за 94% беларусаў падтрымліваюць украінскі бок.

Больш за 70% заявілі, што яны выказалі падтрымку якім-небудзь спосабам, прычым сярод іх больш 98% не толькі выказаліся ў сацсетках, але і аказалі рэальную дапамогу (напрыклад, пералічылі грашовыя сродкі; перадалі вопратку, прадукты; удзельнічалі ў мітынгах).

Дыскрымінацыю і непрыязнасць да сябе на нацыянальнай глебе адчулі на сябе многія беларусы ў памянёных краінах. Гэта 39% беларусаў у Грузіі, 31% – у Польшчы і 16% – у Літве. Нашы суайчыннікі адказалі, што яны асабіста сутыкаліся з дыскрымінацыяй у розных яе праявах і гэта ўжо ўспрымаюць як частку сацыяльнай рэальнасці.

«Падобна на тое, што беларусы ў цэлым гатовыя мірыцца з негатывам ад мясцовых, але не ад украінцаў ці тым больш рускіх і беларусаў», – робяць выснову сацыёлагі, адзначаючы, што нават выпадкі непрыязнага стаўлення да беларусаў не перашкаджаюць ім дапамагаць Украіне.

Пазнаёміцца з усімі вынікамі даследавання можна тут.