Сайт Польскага радыё стаў забаронены ў Беларусі
7 жніўня 2022
147

Пазнаёміцца з інфармацыяй на сайце Польскага радыё Polskieradio.pl у Беларусі цяпер магчыма толькі праз сервіс VPN.

Аб тым, што ад 7 жніўня 2022 года партал радыё заблакаваны, паведаміла само польскае СМІ. Паводле яго, пасля прызнання ўладамі Беларусі партала Польскага радыё «экстрэмісцкім» ў канцы ліпеня, доступ да яго захоўваўся амаль тыдзень. «Лукашэнкаўскі рэжым актыўна змагаецца з незалежнымі медыя, асабліва апошнія два гады, блакуючы доступ да сайтаў, прызнаючы іх экстрэмісцкімі, не дазваляе друкаваць і распаўсюджваць газеты», – сцвярджаюць польскія журналісты.

Разам з тым, яны запэўніваюць, што міжнародны радыёэфір застаецца непадуладным цэнзуры. «Навіны Беларускай службы па ранейшаму можна слухаць па ўсёй Беларусі тры разы на дзень на доўгіх хвалях, частата 225 кГц. А гадзінная праграма транслюецца з 7 да 8 раніцы па мінскім часе на сярэдніх хвалях, частата 1386 кГц», – гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае ліквідаваная лукашэнкаўскімі ўладамі Беларуская асацыяцыя журналістаў, колькасць судовых рашэнняў аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі ў Беларусі рэзка ўзрасла з лета 2021 года.