Спектакль “Людзі-гусі-лебедзі” прадставілі “Капалаўцы” ў Беластоку
13 кастрычніка 2022
239

Тэатральная група “Купалаўцы” сыграла 12 кастрычніка 2022 года  ў польскім Беластоку спектакль “Людзі-гусі-лебедзі” ў межах фестываля “Кірунак усход VI”.

Мы хочам, каб тое, што было прадстаўлена, ніколі не адбылося насамрэч”, – заявіў пасля спектакля, размаўляючы з гледачамі, рэжысэр-пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў, які раней працаваў мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі.

Спектакль пастаўлены паводле адной з частак рамана-антыўтопіі Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”, які быў напісаны яшчэ ў 2017 годзе. У сюжэце пастаноўкі – тое, што засталося ад Беларусі пасля таго, як знікла ўсё нацыянальнае ў ёй, і нават назва. Ідзе расповяд ад галоўнага героя – Маўчуна. Ён прыручыў гусачку, якая цяпер жыве ў куратніку, а Маўчун хоча стаць маленькім, каб на ёй паляцець у замежжа. 

Вёска “Белыя росы 13”, дзе жывуць героі, існуе ў 2049 годзе, і вёсак з аналагічнай назвай, але іншым нумарам – пара дзясяткаў навокал. Яе насельнікі размаўляюць трасянкай, але ўпэўнены, што размаляюць па-руску. Былой назвы сваёй вёскі яны не ведаюць, ды і ведаць яе можа быць небяспечна. Затое яны ведаюць, што ворагі вакол “іх” Расіі, непадалёк ад Заходняй мяжы якой яны жывуць. 

З ворагамі змагаюцца, у прыватнасці, на Паўднёвай мяжы. Адтуль ніхто не вяртаецца. Але ворагі могуць засылаць сваіх шпіёнаў. Адна з іх трапілася Маўчуну

Спектакль у многім адлюстроўвае тую сітуацыю, якая ўжо складваецца ў Беларусі. Аднак артысты вераць у тое, што іх намаганнямі таксама антыўтопія, якую яны сыгралі, не ўвасобіцца ў рэчаіснасць.

Гульню беларускіх актораў у вялікай колькасці прыйшлі паглядзець прадстаўнікі беларускай дыяспары і беларускай нацыянальнай меншасці. Па заканчэнні спектакля, які прайшоў з аншлагам, “Купалаўцы” сарвалі авацыі.

Фестываль “Кірунак усход” праходзіць у Беластоку амаль штогод. Сёлета з 5 па 15 кастрычніка. На ім выступаюць мясцовыя артысты, а таксама калектывы з краін на ўсход ад Польшчы.