Спявачка Мерыем Герасіменка арыштавана на 15 сутак за песню на ўкраінскай мове
6 жніўня 2022
143

Маладая спявачка Мерыем Гера (сапраўднае прозьвішча Герасіменка) пайшла пад 15-сутачны арышт за выкананне на вуліцы песні ўкраінскага гурта «Океан Ельзи».

Справу Мерыем разгледзіў суд Цэнтральнага раёну Мінска, які і прысудзіў ёй пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна» са спасылкай на @spiski_okrestina. Ад людзей, якія былі з ёй у адной камеры вядома, што дзяўчына трымаецца ўпэўнена, аднак пасля затрымання не спала двое сутак.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, разам з Мерыем маглі затрымаць і яе хлопца, перадае «Радыё Свабода».

Выкананне песні мела месца 3 жніўня 2022 года каля бара «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Мінску. Па словах аднаго з супрацоўнікаў бару, да іх учора завіталі ўсе магчымыя службы: прадстаўнікі санітарна-эпідэміялагічнай службы, МНС, а потым супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС. Сабралі ўсіх супрацоўнікаў на апытанне, цікавіліся канцэртам, потым затрымалі кіраўніка і яшчэ аднаго новага супрацоўніка.

Кіраўніка бара Андрэя Жука пакаралі 30 суткамі арышту па двух артыкулах КаАП: 24.3 (непадпарадкаваньне) і 19.11 — (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).