Старшыня Рады БНР заклікала ствараць беларускія Амерыку і Канаду
11 верасня 2022
178

Старшыня Рады Беларускай народнай рэспублікі Івонка Сурвіла ацаніла як найменш заможную беларускую дыяспару Паўночнай Амерыкі сярод іншых і заклікала неадкладна выпраўляць гэтае становішча, каб пакінуць наступным пакаленням нейкую спадчыну.

Вітаючы ўдзельнікаў 34-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая адбылася 3-4 верасня 2022 года ў мястэчку Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрсі, спадарыня Сурвіла адзначыла, што новая хваля белаурскай палітычнай эміграцыі пачалася з прыходам да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. “Найбольш актыўныя яе прадстаўнікі згуртаваліся вакол Рады БНР, імкнуліся пераняць традыцыю змагання, якое вялі ў дыяспары дзесяцігоддзямі іх папярэднікі”, – цытуе старшыню Рады БНР сайт арганізацыі.

Аднак былі і такія беларусы, якія мяркавалі, што нібыта шануючыя сябе людзі палітыкай не займаюцца. У выніку беларуская дыяспара стала адной з найменш заможных у Паўночнай Амерыцы.

Тады, калі ўкраінцы, чэхі, палякі і іншыя нашыя суседзі бераглі здабытае і будавалі новыя музэі і ўстановы для захавання спадчыны, пакінутай ім папярэднімі хвалямі эміграцыі, мы не здабыліся на ніводзін доўгатрывалы даследчыцкі цэнтар беларусазнаўства, на ніводзін будынак для архіву, на ніводную салідную бібліятэку для захавання спадчыны, якую пакідаюць пасля сябе адыходзячыя патрыёты. Старанні адзінак стварыць нешта трывалае засталіся без падтрымкі грамадства. Пакаленне, якое пераняло здабытую маёмасць, дасюль не уцяміла, што яе абавязкам ёсць ня толькі яе захаваць для будучых пакаленняў, але і развіваць яе”, – упэўнена Івонка Сурвіла.

Паводле яе, каб пакінуць наступным пакаленням нейкую спадчыну, беларусам у Амерыцы трэба безадкладна брацца за працу. “Каб ня знікнуць у гэтыя асабліва цяжкія часы, якія перажывае сёння беларускі народ, калі існаванне ўсяго беларускага ёсьць пад пагрозай, патрэбныя ахвярныя людзі, якія не пашкадуюць прысвяціць хоць адзін дзень у тыдзень свайго жыцця, каб далучыцца да беларускае талакі. Адначасна, спешна патрэбныя сродкі, каб захаваць беларускую прысутнасць у Паўночнай Амерыцы”, – кажа старшыня Рады БНР.

Далучайцеся да талакі з мэтай стварыць Беларускую Амерыку і Беларускую Канаду, якія застануцца назаўсёды доказам, што мы сюды даехалі, што мы тут жылі і што адчуваем сябе дома ў Амерыцы, так як адчуваюць сябе дома тут “our fellow Аmericans” i “our fellow Canadians”, з тымі самымі правамі і з тым самым голасам”, – заклікала Івонка Сурвіла.

Наступная сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі запланавана праз два гады ў Канадзе, піша сайт Беларуска-Амерыканскага задзіночання ў Нью-Йорку.

Фота: сайт Рады БНР