Стартаваў праект “Васьміног” для навучання дзяцей у дыяспары і на Радзіме
13 студзеня 2023
191

Прэзентацыя праекта “Васьміног”, які закліканы стварыць новыя магчымасці для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў як за мяжой, так і ў Беларусі, прайшла ў Вільні 12 студзеня 2023 года.

Мы імкнёмся забеспячыць сучаснай і беларускацэнтрычнай адукацыяй дзяцей, якія ў беларускіх школах адчуваюць штодня ідэалагічны ціск, а ва ўмовах эміграцыі апынуліся па-за беларускім культурным полем”, – гаворыцца на сайце “Васьмінога”.

На праект, разлічаны на 26 месяцаў, са сродкаў Еўрасаюзу выдзяляецца адзін мільён еўра. Рэалізоўваюць яго кансорцыюм «ЕўраБеларусь», Офіс Святланы Ціханоўскай і Беларуская рада культуры. Грантавая праграма накіраваная на тое, каб распрацаваць, укараніць і вывучыць элементы «новай адукацыі» і падтрымаць беларускія нефармальныя адукацыйныя арганізацыі і ініцыятывы. 

“Васьміног” важны тым, што вырашае некалькі выклікаў і праблемаў, абумоўленых цяперашняй сытуацыяй у школьнай адукацыі, заявіла Радыё “Свабодзе” 12 студзеня 2023 года дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

«Першы блок праблемаў звязаны з вымушанай эміграцыяй. Шмат сем’яў эмігравалі з дзеткамі школьнага ўзросту, і важна, каб яны ня страчвалі магчымасці атрымліваць адукацыю ў галіне беларускай культуры, гісторыі, мовы, атрымлівалі сучасныя, аб’ектыўныя веды пра Беларусь як еўрапейскую краіну. Мы ня можам замяніць цалкам адукацыю для такіх дзетак, бо яны павінны адаптавацца да ўмоваў і грамадства тых краін, дзе яны апынуліся. Але мы таксама павінны паклапаціцца пра тое, каб дзеткі ў нашай вялікай і разнастайнай беларускай дыяспары ня страчвалі сувязі са сваёй культурнай прасторай», — патлумачыла Шчытцова.

Таксама праект мусіць дапамагчы тым настаўнікам, што страцілі працу. У яго межах можна прапанаваць новыя адукацыйныя праекты і атрымліваць грошы для падтрымкі на конкурсных умовах, удзельнічаць у розных мэтадалягічных, навуковых распрацоўках.

На прэзентацыі таксама высупіла лідэр беларускага пратэста Святлана Ціханоўская. Паводле яе, зараз вельмі важна падтрымліваць адукацыйныя і культурніцкія праекты паколькі рэжым Лукашэнкі ваюе з усім беларускім.

Нагадаем, што 27 лістапада 2022 года ў Варшаве прайшла канферэнцыя «Развіццё альтэрнатыўнай сістэмы адукацыі ў сучасных умовах», арганізаваная створаным у Польшчы “Рухам беларускай салідарнасці”. На ёй дыяспара прыглядалася да магчымасці стварыць сваю сферу навучання.