
Першы завочны прысуд быў вынесены ў Беларусі 26 снежня 2022 года. Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна, якія ў эміграцыі сталі кіраўнікамі Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці (BSSF), да 12 гадоў калоніі.
“Экс-старшыню BSSF Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонда Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Справу разглядзела суддзя Святлана Бандарэнка, працэс пачаўся 19 снежня”, – паведамляе Правабарончы цэнтр “Вясна”.
Самі абвінавачаныя на судзе не прысутнічалі, яны знаходзяцца за мяжой з восені 2020 года.
Вядома, што арыштаваная маёмасць Герасімені: больш за 48 тыс. долараў на рахунках, машына Land Rover, мабільныя тэлефоны “Айфон” і “Самсунг”, кватэра, машынамесца, халадзільнік, акустычная сістэма і г.д. Усё гэта пайшло на сплату грамадзянскага пазова.
«Такі жорсткі прысуд — 12 гадоў па максымуме — мяне не зьдзівіў. Было зразумела і відавочна, што мы зрабілі сыстэме даволі балюча. Сыстэма цяпер нэрвуецца, сыстэма перажывае», — распавёў Аляксандар Апейкін “Радыё Свабодзе”.
Ён сцвярджае, што не ставіцца да арышту маёмасці сур’ёзна. “Я думаю, у Сашы Герасімені тое самае. Бо гэтую сытуацыю мы даўно прагназавалі, мы да гэтага ўжо былі маральна падрыхтаваныя. Таму гэта ўжо так моцна не зачапіла», – кажа Апейкін.
“Почитали приговор, посмеялись и продолжили дальше праздновать. Как говорится, заочно вы меня можете даже расстрелять!” – напісала Аляксандра Герасіменя ў Facebook.
Раней Герасіменя і Апейкін заяўлялі, што лічаць незаконнай справу супраць іх і спадзяюцца на ўзмацненне санкцый па лініі Міжнароднага алімпійскага камітэта на лукашэнкаўскія ўлады.
Фота: Белсат
Матэрыялы па тэме: