Сваякі палітвязняў заклікалі сусветных лідараў вызваліць іх родных
10 студзеня 2023
112

Сябры “Аб’яднання сваякоў і колішніх палітвязняў” напісалі зварот да “лідэраў свабоднага свету” больш рашуча намагацца вызваліць асуджаных з-за палітычных прычын у Беларусі.

Тэкст звароту з’явіўся 10 студзеня 2023 года ў тэлеграм-канале аб’яднання, які ў сваю чаргу быў створаны напярэдадні. Зварот на даны момант падпісалі 29 чалавек.

Пачынаючы з 2020 года Беларусь перажывае самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі з моманту набыцця незалежнасці. На дадзены момант у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каля 1500 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі вязнямі. Але нават гэтая жахлівая лічба не адлюстроўвае сапраўдных маштабаў тэрору. Праваабаронцы не ў стане сабраць усю інфармацыю пра рэпрэсіі, а самі вязні і іх родныя часта баяцца расказваць пра тое, што з імі адбываецца, бо баяцца помсты з боку сілавікоў. Між тым, толькі паводле афіцыйных дадзеных за два з паловай гады было распачата звыш 11,5 тысячаў крымінальных справаў, звязаных з палітыкай”, – адзначаецца ў звароце.

Сваякі палітзняволеных указваюць, што ў турмах іх родныя сутыкаюцца са здзекамі, знявагамі і шантажом. “Ім абмяжоўваюць перапіску, пазбаўляюць спатканняў і перадачаў, кідаюць у карцэр. Нашытыя на вопратку жоўтыя біркі і цяжкая прымусовая праца ў калоніях — гэта тое, якім чынам у Беларусі караюць за іншадумства і жаданне жыць у свабодным грамадстве. Кожны дзень і гадзіна праведзеныя за кратамі — гэта катаванне для палітвязняў і іх сваякоў”, – гаворыцца ў тэксце.

Падпісанты звароту не выказваюць сумневу ў неабходнасці выканання задачы вызвалення ўсіх палітвязняў і поўнага спынення рэпрэсій. “Але спосабы дасягнення гэтай задачы могуць адрознівацца. Кожны вызвалены палітвязень – гэта ўжо маленькая перамога, якая набліжае нас да галоўнай мэты. Калі сёння ёсць магчымасць выратаваць хаця б аднаго чалавека — мы павінны гэта зрабіць. А заўтра будзем выцягваць з засценкаў тых, каго сёння вызваліць было немагчыма”, – мяркуюць яны.

Сваякі палітзняволеных лічаць, што для вызвалення іх родных сёння робіцца недастаткова. “Мы заклікаем лідэраў свабоднага свету да больш рашучых дзеянняў па вызваленні палітвязняў. Гэтыя дзеянні маюць уключаюць у сябе перамоўныя працэсы, намаганні як публічнага, так і непублічнага характару. Мы ў сваю чаргу гатовыя актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы новых падыходаў, тактыкі і стратэгіі”, – адзначаецца ў звароце.

У ініцыятыўную группу аб’яднання ўвайшлі Хоміч Таццяна, сястра Марыі Калеснікавай; Аляксандр Лойка, муж Ірыны Слаўнікавай; Святлана Мацкевіч, былая жонка Ўладзіміра Мацкевіча. Усе яны знаходзяцца ў эміграцыі.

Нагадаем, што напачатку снежня 2022 года дыяспара ў Германіі звярнулася да канцлера краіны Олафа Шольца з заклікам праявіць актыўнасць і падтрымаць палітзняволеную Марыю Калеснікаву, а таксама ўсіх іншых беларускіх палітвязняў.

Напрыканцы снежня 2022 года ў Аб’яднаным пераходным кабінеце з’явілася прадстаўніца па сацыяльных пытаннях. Ёй стала былая палітзняволеная Вольга Гарбунова. Асноўным напрамкам яе дзейнасці была абвешчана дапамога палітзняволеным і іх блізкім.

29 снежня 2022 года, паводле даных прававаабаронцаў, у Беларусі налічвалася 1455 палітвязняў. Гэтыя лічбы пастаянна мяняюцца, бо месцы зняволення пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.