
Управа Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) абрала сваім новым старшынёй доктара Юрку Кіпеля – сына доктара Вітаўта Кіпеля, які шмат гадоў узначальваў гэту ўстанову.
Пасяджэнне ўправы адбылося 21 студзеня 2023 года – першае пасля смерці папярэдняга старшыні – адной з ключавых постацяў беларускай эміграцыі, якая захоўвала беларускасць у вольным свеце ў часы існавання «жалезнай заслоны».
Быў ухвалены план працы на 2023 год, абмеркаваны ідэі на 2024 год. Па-ранейшаму плянуецца выданне альманаху «Запісы БІНіМ», кніг, прысвечаных беларускай эміграцыі і яе культурнай спадчыне. Прынята рашэнне аб стварэньні інтэрнэт-сайту інстытуту, піша кампанія “Будзьма беларусамі”.
Нагадаем, што Вітаўт Кіпель памёр ва ўзросце 95 гадоў 3 снежня 2022 года. 8 студзеня 2023 года амерыканскія беларусы заказалі ў Саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку паніхіду ўшанавання яго памяці, піша сайт Беларуска-амерыканскага задзіночання ў гэтым горадзе.
Вітаўт Кіпель быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам, аўтарам, сярод іншага, знакамітых «Беларусаў у ЗША», а разам з жонкай Зорай Кіпель адзінай на сёння «Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе». Таксама ён — ганаровы сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Вялікай рады «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і іншых. Цягам 40 гадоў ён кіраваў Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.
Фота: “Будзьма беларусамі”
Матэрыялы па тэме: