Творы беларускай мастачкі Настассі Сазанковай выставілі ў латвійскім Даўгаўпілсе
7 верасня 2022
146

Выстава “Родныя пейзажы”, дзе прадстаўлены карціны самадзейнай мастачкі і паэткі, урача Настассі Сазанковай праходзіць у гэтыя дні ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК).

Персанальная выстава адкрылася пасля вечарыны памяці гэтай творчай асобы, што адбылася 31 жніўня 2022 года. Цяжкі лёс Сазанковай, якая не так даўно адыйшла ў лепшы свет, умясціў ваеннае ліхалецце, раненне, акупацыю, голад, галечу. “Магчыма, менавіта адтуль, з дзяцінства, Настасся Аляксандраўна пранесла сціпласць і дабрыню, закрытасць і беражлівасць, жаданне лячыць людзей мастацтвам, быць карыснай грамадству і самарэалізоўвацца”, – цытуе кіраўніцу ЦБК Жанну Раманоўскую сайт беларускай культурнай установы.

Сазанкова актыўна ўдзельнічала ў беларускім культурным жыцці Латгаліі – прахолдзілі прэзентацыі яе кніг і персанальныя выставы карцін, актыўна ўдзельнічала ў творчай дзейнасці, спявала ў ансамблі беларускай народнай песні “Купалінка”.

«Я не понимаю пессимистов. Я врач и не устаю восхищаться людьми и жизнью как чудом», — цытавалі Сазанкову ў красавіку 2020 года Латвійскія грамадскія СМІ.

Настасся Аляксандраўна Сазанкова – урач, мастачка, паэтка, была членам беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і даўнім сябрам Цэнтра беларускай культуры. Нарадзілася ў 1930 годзе на слаўнай Полаччыне, скончыла Полацкую медыцынскую школу, Мінскі медыцынскі інстытут, працавала ўрачом адразу ў Беларусі, а потым, прачытаўшы заклік у “Медыцынскай газеце”, пераехала ў Латвію, дзе і працягвала лячыць людзей не толькі медыцынскімі прэпаратамі, але таксама добрым словам і чулым стаўленнем. Памерла 19 лютага 2022 года.

Фота: Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры