Творы беларускай мастачкі прадставілі ў шведскім Каралеўскім палацы
8 лютага 2023
168

У Збоевай палаце шведскага Каралеўскага палаца ў Стакгольме адбылося ўрачыстае адкрыццё сусветнага руху “Crafts that Unite, Heal, and Last” («Рукадзелле, якое аб’ядноўвае, вылечвае і захоўваецца»), заснаванае беларускай мастачкай Людмілай Хрысцесевай.

Мэта праекта – аб’яднаць жанчын усяго свету дзеля сястрынства і салідарнасці, піша тэлеграм-канал “Народныя амбасады Беларусі”. На выставе прадстаўлена тэкстыльная скульптура Home, вытворчасць якой пачалася ў Турцыі пры падтрымцы Шведскага інстытута.  

На адкрыцці прысутнічалі шведскія дзеячы мастацтва і паслы замежных краін. Супруга ўкраінскага пасла Вікторыя Плахотнюк і прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Зміцер Васэрман.

«Беларускай культуры ў Беларусі дазваляюць існаваць толькі ў вяскова-этнаграфічнай нішы. Усё, што з’яўляецца ўрбанным, сучасным, цікавым, якое супрацьпастаўляе сябе “рускаму свету” і “традыцыйным каштоўнасцям” з’яўляецца ворагам таталітарных рэжымаў і сістэматычна знішчаецца. Любая праява салідарнасці з Украінай пагражаць турмой і катаваннямі. Пакуль у Беларусі дзейнічае таталітарная дыктатура, мы павінны рабіць усё для падтрымкі беларускіх мастакоў за мяжой, каб захаваць сучасную беларускую культуру», — заявіў Зміцер Васэрман (на здымку).

Расія і яе марыянетка Лукашэнка пераследуюць выразную мэту знішчыць беларускую і ўкраінскую культуру і ідэнтычнасці. Мастакам патрэбна ваша падтрымка”, – гаворыцца ў паведамленні ў Twitter ад Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі.

Выстава ў Збоевай палаце падчас Стакгольмскага тыдня дызайну да 12 лютага 2023 года. Пасля прэзентацыі ў Каралеўскім палаце, праект будзе прадстаўлены на Oslo Freedom Forum па запрашэнні Фонду правоў чалавека.

Нагадаем, што ў снежні 2022 года ў шведскім парламенце аднавіла працу група падтрымкі Беларусі. У яе ўвайшлі дэпутаты ад усіх палітычных парламенскіх партый.

Даведка ад Вікіпедыі: Людміла Хрысцесева (нар. 1978, Магілёў) — беларуска-шведская мастачка. Пасля заканчэння ў 2001 годзе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «дызайн касцюма і тканін» пераехала ў Швецыю, дзе ў пачатку сваёй мастацкай кар’еры супрацоўнічала са шведскім мадэльерам Ларсам Валіні. Пасля навучання ў Стакгольмскім каледжы мастацтваў і дызайну і ў Стакгольмскім універсітэце прыняла ўдзел у шэрагу мастацкіх праектаў, дзе паспрабавала сябе ў розных жанрах: жывапісе, кніжнай ілюстрацыі, фатаграфіі, відэа-арце, паблік-арце, арт-інсталяцыі.

Фота: Twitter Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі