У Асацыяцыі беларускага бізнеса за мяжой з’явіўся прадстаўнік у ЗША
23 снежня 2022
161

Эканаміст Алесь Аляхновіч стаў віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі беларускага бізнеса за мяжой (АВВА) і будзе прадстаўляць арганізацыю ў ЗША.

Ён будзе ўзаемадзейнічаць з уладамі і іншымі структурамі ЗША па падтрымцы і развіцці беларускага бізнесу, паведамляе тэлеграм-канал АВВА.

Аляхновіч з’яўляецца прадстаўніком офіса Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах, кіраўніком яе эканамічнай каманды і кіраўніком Belarus Team даследчага цэнтра CASE, аднаго з найвядомейшых даследчых цэнтраў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы (ЦУЕ). Раней быў дарадцам АВВА.

Новапрызначаны віцэ-прэзідэнта скончыў магістратуру па эканоміцы ў Лонданскай школе эканомікі і Варшаўскай школе эканомікі (пад кіраўніцтвам прафесара Лешэка Бальцэровіча), вывучаў кітайскі досвед эканамічных рэформ у Нацыянальным універсітэце Тайваня. Раней працаваў у EY (Ernst & Young), McKinsey і Нацыянальным банку Польшчы. Мае 12-гадовы акадэмічны і прафесійны досвед у вывучэнні эканомік ЦУЕ, у тым ліку рынкавай трансфармацыі. Свабодна валодае англійскай, беларускай, польскай і рускай мовамі, а таксама ведае нямецкую і ўкраінскую.

Нагадаем, што ў кастрычніку 2022 года эканаміст Серж Наўродскі стаў прадстаўніком Асацыяцыі беларускага бізнеса ў замежжы ў Літве, Латвіі і Эстоніі.

Фота: тэлеграм-канал АВВА