
Яшчэ чатыры чалавекі былі прызнаныя 23 верасня 2022 года беларускай праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі – Павел Піскун, Дзяніс Сасункевіч, Антон Малюга і Андрэй Маслаў.
Павел Піскун і Дзяніс Сасункевіч асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі па арт.361-4 КК (садзейнічанне ў экстрэмісцкай дзейнасці). Піскун, у прыватнасці, абвінавачаны ў перадачы звестак і відэа аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў тэлеграм-канал.
Антона Малюгу прыгаварылі ў закрытым пасяджэнні да трох гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 361-4, ч. 1 арт. 375-1 за перадачу звестак аб размяшчэнні вайсковых частак на тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну і высланыя тэксты ў тэлеграм-канал.
Андрэй Маслаў асуджаны да двух з паловай гадоў зняволення за намер далучыцца да абаронцаў суверэннай Украіны па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК.
“Ацэньваючы гэтую інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычных падзей пасля 24 лютага 2022 года, асноўнай падзеяй якіх стала ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Ўкраіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, мы прыходзім да высновы аб тым, што ў дадзеных выпадках грамадзяне перасьледуецца з-за іх палітычных перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі і асацыяцыі”, – заявілі прадстаўнікі шэрагу праваабарончых арганізацый, патрабуючы неадкладна вызваліць вышэйзгаданых палітвязняў, а таксама ўсіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Нагадаем, што на 1 верасня 2022 года ў зняволенні знаходзіліся 1 324 палітвязні, а за жнівень іх колькасць павелічылася на 92 чалавекі.
Матэрыялы па тэме: