
Яшчэ шасцярых зняволеных беларускія праваабаронцы прызналі 1 лістапада 2022 года палітычнымі вязнямі.
Новымі палітзняволенымі сталі Дар’я Лосік, Юлія Юргілевіч, Валянцін Самасюк, Яўген Карпаў, Максім Стасюк, Аляксандр Айнутдзінаў, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Юлія Юргілевіч і Дар’я Лосік узятыя пад варту паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Валянцін Самасюк асуджаны па тому ж артыкулу да пазбаўлення волі за адпраўку ў Telegram-чат, прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, некалькіх фатаграфій чыгуначнай тэхнікі. Яўген Карпаў асуджаны за намер далучыцца да абаронцаў суверэннай Украіны паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі.
Максім Стасюк узяты пад варту паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і за намер далучыцца да абаронцаў Украіны паводле ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.
Аляксандр Айнутдзінаў узяты пад варту паводле абвінавачвання ў неаднаразовым кіраванні транспартным сродкам без адпаведнага права і за намер далучыцца да абаронцаў Украіны па ч. 1 арт. 317-2 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.
Праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend і Беларускі ПЭН патрабуюць ад лукашэнкаўскіх улад неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Нагадаем, што на 31 кастрычніка 2022 года агульная лічба тых, хто адбывае пакаранне ці падазраваецца ў злачынствах з-за палітычных прычын, была 1353 чалавек.
Матэрыялы па тэме: