У Беларусі на 10 прызнаных палітвязняў стала больш
14 верасня 2022
172

Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 10 чалавек. Агульная колькасць асуджаных з-за незаконнага пераследу з боку рэжыма Лукашэнкі павялічылася да 1337.

Па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) асуджаны Кацярына Еўдакімава, Паліна Палавінка (таксама па арт. 369-1 КК), Уладзіслаў Мальцаў, Дар’я Кароль, Раман Багрый, Іна Панова, Юрый Караткевіч, Алег Кірычэнка, Арцём Крылоў. Да іх прыменена пакаранне, звязанае з ўзяццём пад варту ці хатні арышт.

Да Дзмітрыя Таратынава, абвінавачанага па той жа ч. 1 арт. 342 КК, прыменена пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, паведамляе 14 верасня 2022 года Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязняў Кацярыну Еўдакімаву, Паліну Палавінку, Уладзіслава Мальцава, Дар’ю Кароль, Рамана Багрыя, Іну Панову, Юрыя Караткевіча, Алега Кірычэнку, Арцёма Крылова, Дзмітрыя Таратынава і спыніць іх крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны”, – гаворыцца ў адмысловай заяве Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Беларускага ПЭН-цэнтра; Беларускага Хельсінкскага камітэта, Прававой ініцыятывы, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Lawtrend і Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Нагадаем, што за жнівень 2022 года праваабаронцы прызналі палітвязнямі 92 чалавекі.