У Беларусі яшчэ пяць чалавек прызнаны палітзняволенымі
5 верасня 2022
137

Да прызнаных палітычнымі зняволенымі праваабаронцы дадалі Іллю Гольцава, Аляксея Рэзнікава, Анастасію Лазарэнка, Наталлю Лашч і Дзмітрыя Іванчанку. Цяпер агульная колькасць палітвязняў – 1327 чалавек.

Як стала вядома праваабарончай супольнасці, Ілля Гольцаў асуджаны паводле ч. 1 арт. 130 КК да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ў папраўчай калоніі за каментары ў сацыяльных сетках у дачыненні да “сацыяльнай групы”.

Аляксей Рэзнікаў паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы), ч. 1 арт. 130-1 (рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў) да чатырох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за пасты і рэпосты ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”.

Анастасія Лазарэнка і Наталля Лашч змешчаны пад варту за перадачу звестак сілавікоў тэлеграм-каналам. Дзмітрый Іванчанка на пачатку сакавіка 2022 года змешчаны пад варту паводле чатырох артыкулаў КК: арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (Абраза прадстаўнікоў улады), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да санкцый), арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варажнечы).

Беларускія праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных былі вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных”, – гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Як паведамлялася раней, лукашэнкаўскія улады працягваюць тэрор і палітычны пераслед жыхароў Беларусі. У зняволенні на 1 верасня 2022 года знаходзіліся 1 324 палітвязні, а за прайшоўшы месяц іх колькасць павелічылася на 92 чалавекі. Не спыняецца ціск і на грамадзянскую супольнасць.