
Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі Таццяну Колас, Паўла Петручэню, Аляксандра Грыдзюшку, Уладзіслава Аўчыннікава, Дмітрыйса Міхайлаўса, Вячаслава Бяганскага, Іллю Краўчэўскага, Віталя Енаровіча, Цімафея Галубко. Агульная колькасць прызнаных палітвязнямі у Беларусі склала цяпер 1445 чалавек.
Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Колас асуджана да шасці гадоў і шасці месяцаў зняволення па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, а менавіта ч.3 арт.203-1 (неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных); ч.3 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы); ч.3 арт.352 (незаконнае валоданне камп’ютарнай інфармацыяй); ч.3 арт.426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Жанчына нібыта перадавала звесткі ў тэлеграм-канал “Чорная кніга Беларусі”. Таксама нібыта за перадачу звестак у гэты тэлеграм-канал узяты пад варту Петручэня.
У сваю чаргу Аўчыннікаў асуджаны на два з паловай гады зняволення за перадачу звестак тэлеграм-каналам аб супрацоўніках МУС.
Галубко асуджаны на тры гады “хіміі” паводле ч.1 арт.130 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варажнечы. Бяганскі па тым жа абвінавачванні накіраваны з папраўчую калонію на два гады.
У віну Крачэўскаму, Міхайлаўсу, Грыдзюшку паставілі сярод іншага абразу ці паклёп на Аляксандра Лукашэнку.
Енаровіч зняволены на два гады паводле ч.1 арт.130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч.1 арт.342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
“У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах”, – гаворыцца ў паведамленні праваабаронцаў.
Яны патрабуюць ад лукашэнкаўскай улады неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 19 студзеня 2023 года складала 1444 чалавекі. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.
Матэрыялы па тэме: