У Беларусі з’явіліся восем новых палітвязняў
22 снежня 2022
97

Колькасць прызнаных беларускімі праваабаронцамі палітзняволеных склала на 22 снежня 2022 года 1443 чалавекі.

Новымі прызнанымі праваабаронцамі палітвязнямі сталі Руслан Сінкевіч, Дзмітрый Мядзведскі, Юрый Трапачоў, Сяргей Рабцаў, Артур Пядзько, Сяргей Нялепка, Аляксандр Дураеў, Уладзіслаў Савін. Большая частка з іх – шасцёра чалавек маюць сярод прад’яўленых артыкулаў Крымінальнага кодэксу “абразу” Лукашэнкі ці “паклёп” на яго.

Не маюць такія артыкулы толькі Артур Пядзько, які узяты пад варту паводле арт. 130 КК за перадачу звестак у пратэсныя тэлеграм-каналы, і Руслан Сінкевіч, асуджаны па ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) да чатырох гадоў зняволення.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя”, – распавядаецца на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Праваабаронцы патрабуюць, у прыватнасці, перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды, неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Адзначым, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 16 снежня 2022 года таксама складала 1443 чалавекі. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за “палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.