
Больш за тры дзясяткі карцін аўтарства брэсцкай мастачкі Таццяны Савіч прадстаўлены ў беларускім хабе “Новая зямля” ў польскім Беластоку.
“Яе сям’я апынулася ў выгнанні з-за палітычнага пераследу. Ім удалося вывезці карціны ў Беласток”, – гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале хаба.
Жанчына з сям’ёй пераехала ў Беласток толькі ў кастрычніку 2022 года. А з канца 2020 года паціху вывозіла свае карціны ў Польшчу, некаторыя з іх цяпер у музеі «Вольнай Беларусі» ў Варшаве.
«Мы толькі прыехалі ў Польшчу і да канца яшчэ не адаптаваліся, але я ўжо напісала некалькі працаў, прысвечаных вымушанай эміграцыі і разрыву з Радзімай. Але маю вялікі спадзеў, што мы вернемся ў роднае гняздо, у нашу Беларусь», – распавяла Таццяна Савіч “Белсату”, адзначыўшы, што галоўны твор экспазіцыі – карціна “Пакідаючы роднае гняздо”.
Плануецца, што выстава будзе працаваць да канца студзеня 2023 года.
Нагадаем, што напрыканцы 2022 года ў беластоцкім гандлёвым цэнтры “Альфа” былі прадстаўлены адзінаццаць фотапартрэтаў беларусаў дыяспары, якія жывуць і працуюць у Беластоку.
Фота: тэлеграм-канал хаба “Новая зямля”
Матэрыялы па тэме: