У Беластоку беларусы і палякі патрабавалі свабоды для палітзняволенага Андрэя Пачобута
8 лютага 2023
166

Вырак восем гадоў зняволення, да якога прыгаварыў Гродзенскі абласны суд палітзняволенага журналіста Андрэя Пачобута, выклікаў хвалю абурэння ў Беластоку. На акцыю пратэста выйшла каля 50 чалавек – прадстаўнікоў беларускай дыяспары і меншасці, актывістаў ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі.

Сёння да суда прыйшло каля 30 чалавек, аднак яны не змаглі патрапіць у залу судовых пасяджэння, бо там былі міліцыянеры, якія па-хамску і здзекліва называлі сябе роднымі Пачобута, распавёў прысутным намеснік кіраўніка Саюза палякаў Беларусі Марэк Занеўскі (на здымку).

У Беларусі зараз такая пануе атмасфера, але мы тут можам забрацца, можам распавесці пра ўсё тое. Гэта ёсць нашым заданнем. Будем прыходзіць і надалей, пакуль будуць палітзняволеныя. Гэта ёсць наш святы абавязак. Ад імя Саюзу палякаў Беларусі дзякую за тое, што памятаеце, за тое, што прыходзіце”, – сказаў ён.

Выступоўцы адзначалі, што Андрэй Пачобут, будучы актывістам польскай меншасці ў Беларусі, вельмі любіў сваю краіну, свой горад, гісторыю родных мясцін. У сваіх артыкулах ён распавядаў пра яе, займаўся ўшанаваннем памяці загіблых падчас Другой сусветнай вайны польскіх салдатаў. Пачобут таксама змагаўся з несправядлівасцю, калі лукашэнкаўскія ўлады зачынялі польскія школы. У выніку быў асуджаны на восем гадоў зняволення за тое, што ёсць палякам, што ёсць прадстаўніком польскай меншасці.

Ён распачынае сваю катаргу, але ён для нас чалавек, які дае прыклад, што ёсць сапраўды фундаментальным і за што сапраўды варта змагацца. Нават, калі за гэта будзеш моцна пакараны”, – заявіла прадстаўніца арганізацыі “Вспульнота польска”.

Прадстаўнік беларускай дыяспары Ян Абадоўскі таксама выказаў абурэнне палітычным пераследам Андрэя Пачобута, паабяцаўшы змагацца за свабоду беларускіх палітзняволеных, пастаянна нагадваючы аб іх у Польшчы.

Словы пратэсту супраць агромністага выраку прамовіла і прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой з’яўляецца і Андрэй Пачобут, Зоя Хруцкая.

Іншыя выступоўцы падкрэслівалі, што цяперашні рэжым Лукашэнкі вынішчае ў Беларусі ўсё не толькі польскае ці літоўскае, але і беларускае, тым самым прасоўваючы расійскія інтарэсы. Гэта значыць – агрэсіўныя захопніцкія інтарэсы крамлёўскай улады, якая ўжо амаль год забівае ўкраінцаў. Нагадаць пра гадавіну вайны Расіі супраць Украіны і выказаць падтрымку ўкраінскаму народу ў яго змаганні прапанаваў Ян Абадоўскі, запрасіўшы ўсіх на акцыю 24 лютага 2023 года на цэнтральнай плошчы Беластока.

Папярэдняя акцыя салідарнасці з Андрэем Пачобутам прыйшла 16 студзеня 2023 года каля консульства РБ ў Беластоку. У той дзень у Гродзенскім абласным судзе распачаўся працэс над палітзняволеным журналістам і актывістам Саюзу палякаў.

Пачобут прывёў у зняволенні ўжо амаль два гады. Яго як і некаторых іншых сябраў Саюза палякаў Беларусі арыштавалі 25 сакавіка 2021 года. Потым за кратамі заўстаўся ён і старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс, якая затым была пераведзена пад хатні арышт. Яшчэ трох актывістак Саюза палякаў лукашэнкаўскія сілавікі перадалі польскім уладам. Пачобуту таксама прапаноўвалі выезд за мяжу ў абмен на вызваленне, аднак ён адмовіўся.

Акцыі салідарнасці з пераследуемымі ў Беларусі сябрамі Саюза палякаў пастаянна праходзяць у Беластоку. Звычайна яны адбываліся 25 чысла, калі былі затрыманы актывісты.

Лукашэнкаўскія ўлады абвінавацілі Андрэя Пачобута паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361 — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. КДБ Беларусі ўнёс яго ў спіс асобаў, якія «ажыццяўляюць тэрарыстычную дзейнасць».