У Беластоку беларусы і палякі выйшлі на акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
27 лютага 2023
179

Каля двух дзясяткаў чалавек у польскім Беластоку прынялі ўдзел 27 лютага 2023 года ў чарговай акцыі салідарнасці з палітычным зняволенным журналістам і актывістам Саюза палякаў Беларусі Андрэем Пачобутам і іншымі беларускімі палітвязнямі.

Акцыя праводзіцца практычна кожны месяц і прымеркавана да 25 чысла, калі ў сакавіку 2021 года арыштаванымі аказаліся некалькі сябраў Саюза палякаў Беларусі. Вядзе яе звычайна гродзенскі журналіст, які цяпер жыве ў Беластоку, Ян Роман.

Чарговы раз збіраемся каля помніка Ежы Попелушку, традыцыйна, каб выказаць сваю салдідарнасць з нашым калегай, з Андрэем Пачобутам, якога прыгаварылі да васьмі гадоў зняволення. Зараз рыхтуецца апеляцыя, таму змагаемся далей, хаця ведаем, што немагчыма ў сённяшняй Беларусі разлічваць на справедлівы суд”, – заявіў намеснік старшыні Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Марэк Занеўскі.

Марэк Занеўскі

Ён распявёў, што сёння Рада Беластока прыняла адмысловую заяву ў абарону Андрэя Пачобута. “Заяву, якая асуджае вырак, асуджае беларускія ўлады. Мы ўдзячныя гораду Беластоку за тое, што ён робіць для нас, палякаў з Беларусі, якія тут ёсць, для грамадзян Беларусі, для беларусаў. Беласток стаў для нас такім другім домам, і чарговы раз горад паказаў, што ён салідарны з беларускімі палітычнымі вязнямі”, – распавёў грамадскі дзеяч.

Таксама Занеўскі ўзгадаў яшчэ аднаго палітвязня – праваабаронцу Алеся Бяляцкага, якому таксама пагражае вялікі вырак. “Хацелася б асабліва сёння прыгадаць аб Алесе, які ёсць нашым вялікім сябрам, які заўсёды быў з намі, у цяжкіх момантах гісторыі нашага саюза. Сёння і Андрэй, і Алесь сядзяць у вязніцы, і адзінае, што мы можам зрабіць – попросту быць салідарнымі з імі, быць разам. Таму я вам усім дзякую за тое, што прыходзіце сюды, і абяцаю, што будзем і далей збірацца, нагадваць аб усіх палітычных вязнях, якіх ужо больш за 1400”, – заявіў Занеўскі. 

Як нагадаў Ян Роман, у сакавіку 2021 года сярод арыштаваных пяці чалавек Саюза палякаў была таксама старшыня аддзелу СПБ у Валкавыску Марына Цішкоўская. Пасля двух месяцаў, праведзеных у вязніцы, яе вывезлі ў Польшчу і цягам доўгага часу яна знаходзіцца у Беластоку без права вяртання да дому. 

Марына Цішкоўская

Столькі разоў я тут прамаўляла і без узрушэння не магу казаць, бо перажыла частку таго, што перажывае Андрэй. Вельмі дасканала ведаю як там, як ён трамаецца, як церпіць, як трэба не зламацца ў тых варунках. Хто добра ведае Андрэя ведае, што ён ёсць моцным чалавекам. Молімся за яго, каб сіла не пакінула яго, бо сапраўды там нелёгка”, – распавяла Марына Цішкоўская, выказаўшы спадзеў, што наступная акцыя будзе іншай, “але на сённяшні дзень кожны змагаецца, як можа”.

Пра гарадзенку Галіну Дзербыш казаў на пікеце актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) Сяргей Верамеенка. “Яна таксама з’яўляецца актывісткай польскага руху ў Беларусі і цяпер яна сядзіць па справе Мікалая Аўтуховіча, так званай “за тэрарызм”. Яе катуюць, яе кідаюць у карцар раз за разам за тое, што яна адмаўляецца прадастаўляць свае рэчы на дагляд, а дагляд гэты праводзіцца праз рэнтген. Гэта ўсё ад яе патрабуюць, патрабуюць ад жанчыны, якая хварэе на рак. Такія здзекі адбываюцца ў нашай краіне”, – адзначыў актывіст.

Сяргей Верамеенка

Як сказаў мой сябра, які цяпер таксама сядзіць, Павел Севярынец – сустаршыня БХД, Бог дае чалавеку столькі выпрабаванняў, колькі ён можа вытрымаць. Я спадзяюся, што ўсім гэтым людзям будзе менавіта столькі выпрабаванняў, каб яны маглі ўсё гэта перажыць, каб у іх хапіла веры, каб хапіла моцы духа, каб яны выйшлі і мы іх сустрэлі жывымі”, – сказаў Сяргей Верамеенка.

Нагадаем, што ўжо амаль два гады як Андрэй Пачобут знаходзіцца ў зняволенні. Яго як і некаторых іншых сябраў Саюза палякаў Беларусі арыштавалі 25 сакавіка 2021 года. Потым за кратамі заўстаўся ён і старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс, якая затым была пераведзена пад хатні арышт. Яшчэ трох актывістак Саюза палякаў лукашэнкаўскія сілавікі перадалі польскім уладам. Пачобуту таксама прапаноўвалі выезд за мяжу ў абмен на вызваленне, аднак ён адмовіўся.

Лукашэнкаўскія ўлады абвінавацілі Андрэя Пачобута паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361 — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. КДБ Беларусі ўнёс яго ў спіс асобаў, якія «ажыццяўляюць тэрарыстычную дзейнасць».