
Ва Ўніверсітэце Бухарэста з новага семестра плануецца запусціць курс беларусазнаўства. Гэта стала вынікам візіту ў Румынію лідара беларускага пратэста Святланы Ціханоўскай.
Пра адкрыццё новага навучальнага курсу паведамляе “Наша ніва”, адзначаючы, што Ціханоўская таксама сустрэлася з беларусамі Румыніі. Аб нейкіх падрабязнасцях вывучэння беларусазнаўства і сустрэчах з дыяспарай пакуль не паведамлялася.
У сталіцу Румыніі Ціханоўская прыбыла 27 лістапада 2022 года з афіцыйным трохдзённым візітам на запрашэнне міністра замежных спраў гэтай краіны Багдана Аўрэску, паведамляе тэлеграм-канал “Парламентский канал”.
Прэм’ер-міністр Румыніі Нікалаэ Чука прыняў Святлану Ціханоўскую ў сваім офісе 28 лістапада 2022 года. Яны абмеркавалі магчымыя захады міжнароднай супольнасці, каб не дапусціць уваход беларускіх войскаў у вайну супраць Украіны. Ціханоўская заклікала Румынію адрозніваць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ, і аказаць максімальную падтрымку ініцыятывам, накіраваным на ўмацаванне незалежнасці і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
Таксама Ціханоўская правяла сустрэчы ў румынскім парламенце з удзелам усіх партыйных групаў. Яна заклікала дэпутатаў стварыць парламенцкую групу сяброў Беларусі, правесці слуханні па Беларусі ў камітэтах па замежных адносінах у абедзвюх палатах парламента і ўзяць шэфства над палітвязнямі.
Далей Ціханоўская выступіла на «Мюнхенскай канферэнцыі лідараў». У сваім выступе Ціханоўская заклікала прызнаць рэжым спонсарам тэрарызму і пашырыць санкцыі на супрацоўнікаў дзяржаўных прапагандысцкіх медыяў, КДБ і спецслужбаў. Таксама Ціханоўская заклікала пашырыць выдачу візаў для беларусаў у беларускіх гарадах і не прызнаваць дамовы і пагадненні, якія падпісвае Лукашэнка, бо ён не мае законнай сілы, а гэтыя дамовы падрываюць беларускі суверэнітэт.
Святлана Ціханоўская заклікала міжнародных лідараў падтрымаць рэзалюцыю Еўрапейскага Парламента і дадзеныя ў ёй рэкамендацыі, у тым ліку ізаляцыю рэжыму, падтрымку беларускага народа ў яго барацьбе, распачаць следчыя дзеянні супраць рэжыму за злачынствы супраць апанентаў, за падтрымку вайны ва Ўкраіне і ўсталяваць кантакты з Аб’яднаным пераходным кабінетам.
Нагадаем, што 14 лістапада 2022 года Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе абраным прэзідэнтам. Гэта пры тым, што, пачынаючы ад 1996 года, ні адно галасаванне і, адпаведна, выбары не былі прызнаны беларускай дэмакратычнай супольнасцю і міжнароднымі арганізацыямі як свабодныя, сумленыя і празрыстыя. Кожны раз незалежныя назіральнікі фіксавалі мноства фактаў, якія сведчылі аб татальнай фальсіфікацыі народнага волевыяўлення.
Фота: “Наша ніва”
Матэрыялы па тэме: