У грузінскім Батумі з’явілася беларуская прастора „аКсяродак”
27 верасня 2022
194

Разнастайныя ініцыятывы чакаюць беларусаў у культурніцкай прасторы „аКсяродак”, што адкрылася ў Батумі.

Адукацыйны праект „Human_PHYSICS/Чалавечая_ФІЗІКА”, навігатарскі падыход ў адукацыі падлеткаў, паўсядзённыя кулінарныя курсы для дзяцей і падлеткаў „Смачная навука” ды шмат іншага было прэзентавана 25 верасня 2022 года пры адкрыцці прасторы, распавядае “Радыё Рацыя”. Прастора  месціцца ў старым квартале Батумі, у прыватным доме на некалькі пакояў, з невялічкім уласным дваром на вуліцы Мэтакса 4.

Прастору адкрыла мянчанка Аксана Акуневіч, якая разам з сям’ёю з сакавіка 2022 года жыве ў Грузіі. У дзень адкрыцця прасторы яна прэзентавала курс «Чалавечая фізіка». Цяпер вядзецца запіс у некалькі групаў: «Самы цікаўны» (1–2 класы), «Вучуся быць вучоным» (3–4 класы), «Уводзіны ў фізіку» (5–6 класы), «Фізіка – гэта весела» (7–8 класы), «Фізіка – страшная навука» (9 клас +), «Фізіка пад вінцо» (18 +), паведамляе “Белсат”.

Цягам бліжэйшага тыдня ў прасторы будуць адбывацца прагляды фільмаў па-беларуску, наведнікі будуць гуляць у настолкі для дарослых і дзетак, плануецца аднавіць „Спеўны сход” у Батумі, які ў жніўні 2022 году сыходзіў у адпачынак.

Рыхтуюцца сустрэчы з псіхолагам, які дапаможа адаптавацца ў эміграцыі. Для дарослых будуць ладзіцца лекцыі Беларускага гістарычнага клубу. У пакоі «Натхненне» адбудуцца прагляды беларускамоўных фільмаў і мультфільмаў.

Цяпер Аксана ладзіць таксама бібліятэку з беларускамоўнаю літаратурай. Усе кнігі будуць з уласнай бібліятэкі, таму самыя каштоўныя з іх можна будзе чытаць толькі ў «аКсяродку», меней рэдкія чытачы здолеюць узяць дадому. Аксана падкрэслівае, што ў Батумі ўжо ёсць адна беларуская бібліятэка, дзе ўсе кнігі можна браць дадому – у каўоркінгу «LinX» на вуліцы Ахмэда Мэлашвілі 16.

Сачыць за заняткамі батумскай прасторы „аКсяродак” можна ў адмыслова створаным тэлеграм-канале.