
Былая палітзняволеная Вольга Гарбунова прызначана 26 снежня 2022 года прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета. Асноўным напрамкам яе дзейнасці стане дапамога палітзняволеным і іх блізкім.
“Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета будзе займацца стварэннем кансалідаванай платформы беларускіх грамадскіх ініцыятыў і арганізацый для павелічэння эфектыўнасці іх дзейнасці па такіх напрамках як юрыдычная, сацыяльна-псіхалагічная і гуманітарная дапамога”, – паведамляе тэлеграм-канал кабінета.
Таксама Вольга Гарбунова павінна дапамагаць юрыстам у дапрацоўцы Закона аб рэабілітацыі, а таксама іншых нарматыўна-прававых дакументаў, якія на стратэгічным узроўні, як мяркуецца, вызначаць развіццё Беларусі ў будучым як сацыяльнай дзяржавы, з дзейсным і эфектыўным сацыяльна арыентаваным заканадаўствам, інстытутам абмудсмена (упаўнаважанага па правах чалавека) і механізмамі абароны найбольш уразлівых слаёў насельніцтва.
Вольга Гарбунова — заснавальніца прытулку для жанчын і іх дзяцей, пацярпелых ад хатняга гвалту, былая кіраўніца грамадскага аб’яднання «Радзіслава». Больш за 10 гадоў яна навучала прадстаўнікоў праваахоўных органаў, сістэмы сацыяльнай абароны і аховы здароўя, псіхолагаў і настаўнікаў працаваць з ахвярамі хатняга гвалту, прадухіляць яго цяжкія наступствы. 20 гадоў аказвае дапамогу па абароне правоў уразлівых сацыяльных груп, у тым ліку жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.
У маі 2022 года суд Савецкага раёна Мінску прызнаў Гарбунову вінаватай у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК). Жанчыну прыгаварылі да трох гадоў “хатняй хіміі”. Да гэтага яна паўгода правяла ў СІЗА, дзе цягам двух тыдняў трымала галадоўку пратэста, распавядае “Белсат”. У жніўні 2022 года яна з’ехала з Беларусі.
Нагадаем, што Аб’яднаны пераходны кабінет быў створаны 9 жніўня 2022 года на канферэнцыі “Новая Беларусь” у Вільні. Першапачаткова ў яго склад увайшлі Святлана Ціханоўская (кіраўніца), Павел Латушка (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па транзіце ўлады), Валер Кавалеўскі (намеснік кіраўніцы і прадстаўнік кабінета па замежных справах), Аляксандр Азараў (прадстаўнік кабінета па аднаўленні правапарадку), Валерый Сахашчык (прадстаўнік кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы).
9 верасня 2022 года стала вядома аб прызначэнні прадпрымальніцы Таццяны Зарэцкай на пасаду прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па фінансах і эканоміцы. Менш чым праз два месяцы яна сыйшла адтуль, патлумачыўшы такі крок знешнім ціскам на сябе і сваё атачэнне.
У сярэдзіне верасня 2022 года журналістка Аліна Коўшык, якая раней працавала на тэлеканале “Белсат”, была прызначана прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні.
Матэрыялы па тэме: