У Кіеве пачаліся дзіцячыя спартыўныя спаборніцтвы, падтрыманыя BSSF
14 студзеня 2023
153

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) падтрымаў Усеўкраінскія дзіцячыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы “Кубак Белай пантэры”, якія 14 студзеня 2023 года распачаліся ва ўкраінскай сталіцы. Таксама фонд выплачвае стыпендыі маладым спартсменам.

Вайна прынесла Украіне велізарныя страты, але мы не павінны страціць наступнае пакаленне таленавітых дзяўчат і хлопцаў, якія хочуць рэалізаваць сябе ў спорце”, – кажа арганізатар мерапрыемства бронзавая прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і шматразовая чэмпіёнка Еўропы Вольга Саладуха.

“Кубак Белай пантэры” — гэта дзіцячыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, мэтай якіх з’яўляецца развіццё дзяціячага спорту ва Украіне і сацыяльная адаптацыя дзяцей праз спорт у вайсковы час, распавядаецца ў тэлграм-канале Athletes for Freedom. Удзел у спаборніцтвах прымае 229 чалавек. Колькасць удзельнікаў у гэтым годзе перавысіла мінулыя спаборніцтвы, якія праходзілі яшчэ да пачатку вайны, сцвярджаецца ў паведамленні. Там жа адзначаецца, што “Кубак Белай пантэры” пройдзе сёлета ў некалькіх гарадах і рэгіёнах Украіны.  

У Кіеве падчас спаборніцтваў прагучалі трывогі ў сувязі з масавым ракетным абстрэлам Украіны, таму цырымонія ўзнагароджання прайшла ў бамбасховішчы.

Акрамя BSSF, “Кубак Белай пантэры” падтрымалі кампанія Nike, Кіеўская гарадская дзяржаўная адміністрацыя і фонд “Дабрачынныя ініцыятывы Вольгі Саладухі”.

Вольга Саладуха і BSSF наладзілі шчыльнае супрацоўніцтва. Так, сумесна з BSSF і Дэпартаментам моладзі і спорту Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі выплачваюцца штомесячныя стыпендыі 32 маладым спартсменам, напісала чампіёнка ў сваім Facebook.

Нагадаем, што ў верасні 2022 года BSSF прыняў удзел у абмеркаванні з прадстаўнікамі ўкраінскага спорту інструментаў узмацнення санкцыйнага ўплыву на праўладны спартовы блок рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.