У Літве беларускія журналісты згулялі ў футбольным турніры салідарнасці
11 верасня 2022
161

У традыцыйным журналісцкім футбольным турніры 10 верасня 2022 года ў літоўскіх Друскеніках каманда пакінуўшых Радзіму беларускіх журналістаў згуляла з калегамі з Украіны, Польшчы, Германіі, Арменіі, Латвіі і дзвюма камандамі з Літвы. Вынік – шостае месца.

Матч — гэта адно з мерапрымстваў салідарнасці прадстаўнікоў замежных СМІ з беларускімі калегамі, якія знаходзяцца за кратамі і выцеснены рэжымам з краіны”, – распавядае Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) у Facebook.

На кашулях нашых футбалістаў быў нумар 25, бо менавіта пад ім выступаў Аляксандр Івулін – спартовы журналіст, стваральнік канала «ЧестнОК», футбаліст клуба «Крумкачы». Зараз ён знаходзіцца ў зняволенні, адбываючы двухгадовае пакаранне па абвінавачванні ў нібыта арганізацыі і актыўным ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Івулін прызнаны палітвязням.

Пасля двух перамогаў, чатырох паразаў і адной нічыі каманда беларускіх медыйнікаў заняла на турніры шостае месца, перайграўшы ў апошнім матчы каманду Германіі”, – распавядае сайт БАЖ.

Паводле правілаў гэтага турніра, кожная каманда павінна была згуляць з кожнай.

Журналісцкі футбольны турнір адбыўся ў межах праходзячага ў Літве Міжнароднага форума журналістаў «Геапалітыка і нацыянальныя інтарэсы: як выконваць журналісцкую этыку». У ім бяруць удзел медыйшчыкі з Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі, Арменіі і Украіны, а таксама тыя, што пакінулі Расію і Беларусь з-за ціску тамтэйшых рэжымаў.

Фота: сайт БАЖ