
Палітвязні з Праваабарончага цэнтра (ПЦ) “Вясна” Ўладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі прадсталі перад судом Ленінскага раёна Мінска 5 снежня 2023 года па сфальшаваных абвінавачваннях у “кантрабандзе арганізаванай групай” і ў “фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Па данай “справе Вясны” праходзіць яшчэ адзін праваабаронца Зміцер Салаўёў, але ён зараз знаходзіцца ў эміграцыі. Таму яго судзяць дыстанцыйна па так званай спецыяльнай вытворчасці, паведамляе ПЦ “Вясна”.
Праваабаронцам ставяцца ў віну аплату штрафаў і адвакатаў мірным пратэстоўцам. Паводле матэрыялаў справы, вясноўцы «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ «Вясна», а таксама іншых арганізацыяў абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структураў і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі.
Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу агульнай сумай не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання».
Акрамя гэтага, праваабаронцы «ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзянаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцыяў пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з траўня 2020 года да 14 ліпеня 2021 года».
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну.
7 кастрычніка 2022 года стала вядома, што старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі разам з украінскім “Цэнтрам грамадзянскіх свабод” і расійскім “Мемарыялам” стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Фота: Белта
Матэрыялы па тэме: