У Польшчы 310 беларусам не далі гуманітарных віз
3 студзеня 2023
141

З верасня па снежань 2022 года польскія ўлады адмовілі 310 грамадзянам РБ у выдачы гуманітарных віз з-за розных прычын, у тым ліку з-за паездак у Беларусь.

У МЗС Польшчы на пытанне “Белсату” аб прычынах адмоў спаслаліся на заканадаўства. “У нарматыўна-прававых дакументах багата падставаў, каб не даваць візы. Гэта, напрыклад, недакладныя асабістыя звесткі або ілжывая інфармацыя ў хадайніцтве, сумневы ў тым, што мэты перабывання замежніка будуць адпавядаць заяўленым”, – перадае тэлеканал.

Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС) фіксуе значную колькасць адмоў у выдачы гуманітарных віз унутры Польшчы. Даволі шмат адмоў прыходзіць. Калі чалавек атрымлівае адмову, ён нават не ведае, з якой прычыны яе атрымаў. Часцей за ўсё адзначаецца падазрэнне, што віза будзе выкарыстоўвацца не па мэтавым прызначэнні“, — цытуе юрыстку ЦБС Марыну Грышчанку тэлеграм-канал “Позірк”.

Зыходзячы з аналізу зваротаў, у ЦБС зрабілі выснову аб тым, што падставай для адмовы ў выдачы візы можа быць паездка ў Беларусь пры наяўнасці папярэдняй падобнай візы.

Нагадаем, што напрыканцы снежня 2022 года міністэрства замежных спраў Польшчы змяніла канчатковы тэрмін прыёму дакументаў на гуманітарную візу з 31 снежня 2022 года на 31 сакавіка 2023 года. Крыху змяніўся і змест адпаведнага дакумента.

Упершыню атрымліваць гуманітарныя польскія візы, не выязджаючы з Польшчы, стала магчыма па  жнівеньскаму 2022 года распараджэнню МЗС.