У Польшчы аднавіў дзейнасць рэпрэсаваны беларускі кнігавыдавец
5 кастрычніка 2022
237

Восем кніг рыхтуе да выдання кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч, які мусіў з’ехаць з Беларусі з-за палітычнага пераследу.

Кнігі “Гары Потар і Келіх агню”, “Валадар Пярсцёнкаў. Брацтва Пярсцёнка”, “Дарога”, “Кароль”, “Размовы з сябрамі”, “Вялікі Гэтсбі”, “І ўзыходзіць сонца” і “Чорны абеліск” знаходзяцца зараз на розных этапах падрыхтоўкі да выйсця ў свет.

Цяжка сказаць, калі кнігі выйдуць. Знаходзячыся ў Варшаве, сутыкаешся з новымі рэаліямі і трапляеш у “рэсурсную пятлю”. Пакуль праца вядзецца за кампутарам, можна абысціся мінімальным наборам сродкаў. Аднак пасля друку ўсё мяняецца. Дзе захоўваць экзэмпляры, як развозіць і пакаваць іх для рассылкі, тая ж прамоцыя – праблемы зусім іншага кшталту. І тут упіраешся ў матэрыяльныя немагчымасці”, – распавёў Янушкевіч у сваім Facebook.

Як паведамлялі СМІ, у траўні 2022 года ў кнігарні выдавецтва “Янушкевіч” “Кнігаўка” прайшоў ператрус, пасля якога Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца крамы Наста Карнацкая былі затрыманыя. Іх некалькі разоў судзілі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах.