У Польшчы працягнуты тэрмін прыёму дакументаў на гуманітарныя візы ад грамадзян РБ
28 снежня 2022
118

Міністэрства замежных спраў Польшчы змяніла канчатковы тэрмін прыёму дакументаў на гуманітарную візу з 31 снежня 2022 года на 31 сакавіка 2023 года. Крыху змяніўся і змест адпаведнага дакумента.

Аб змене тэрмінаў гаворыцца ў распараджэнні міністра замежных спраў, якое было апублікавана ў Dzienniku ustaw 27 снежня 2022 года.

Цяпер грамадзянін Беларусі можа падаць заяву з хадайніцтвам аб выдачы нацыянальнай візы міністру замежных спраў, калі ён знаходзіцца ў Польшчы на законных падставах – з дзеючай нацыянальнай візай, выдадзенай з гуманітарнай мэтай, альбо прыбыў у Польшчу пасля 24 лютага 2022 года з-за вайны з Украіны, дзе да гэтага жыў легальна.

Таксама на гуманітарную польскую візу могуць разлічваць грамадзяне Беларусі, якія прыехалі ў Польшчу на падставе нацыянальнай візы з пазначэннем Poland Business Harbour.

Цяпер няма патрабавання, каб грамадзянін Беларусі, які падаецца на гуманітарную візу ў Польшчы, падпісаў заяву аб тым, што ён не можа вярнуцца ў Беларусь для яе атрымання з-за магчымых рэпрэсій або пераследаў па меркаваннях бяспекі.

Нагадаем, што ўпершыню атрымліваць гуманітарныя польскія візы, не выязджаючы з Польшчы, стала магчыма па жнівеньскаму 2022 года распараджэнню МЗС.