У Польшчы з’явіўся спецыяльны дзяржаўны вэб-партал па пытаннях легалізацыі іншаземцаў
15 снежня 2022
90

Польскае Ўпраўленне па справах іншаземцаў запусціла “Модуль абслугоўвання спраў”(mos.cudzoziemcy.gov.pl) – сямімоўны афіцыйны сайт для дапамогі ў легалізацыі.

Змест сайту даступны на англійскай, арабскай, вьетнамскай, украінскай, польскай, рускай і французскай мовах.

Цяпер іншаземцы ў Польшчы могуць запоўніць анлайн анкеты-заявы на прадастаўленне дазволу на часовы або сталы побыт і адправіць іх адпаведнаму ваяводзе. Пасля адпраўлення заявы праз “Модуль абслугоўвання спраў” (Moduł Obsługi Spraw — MOS) неабходна раздрукаваць яго, падпісаць і прадставіць папяровую версію падчас асабістага візіту ў ваяводскім упраўленні. Стваральнікі вэб-сервіса абяцаюць, што ў будучыні ён прадаставіць поўную магчымасць падачы заявы ў электронным выглядзе.

Таксама сайт mos.cudzoziemcy.gov.pl дае магчымасць: праверыць варыянты знаходжання у залежнасці ад становішча іншаземца; адкрыць доступ да інфармацыі аб парадку ўезду, знаходжання і выезду іншаземцаў з Польшчы; адкрыць доступ да базы часта задаваных пытанняў; азнаёміцца з інфармацыяй аб найбольш распаўсюджаных памылках; адкрыць доступ да працэдурных кантрольных спісаў для праверкі таго, ці былі выкананы ўсе крокі, вядучыя да атрымання дазволу на знаходжанне; адкрыць доступ да навучальных відэа і публікацый Ўпраўлення па справах іншаземцаў і іншых устаноў; карыстацца актыўнымі фармулярамі PDF для запаўнення ў электронным выглядзе; спампоўваць іншыя фармуляры заяў па пытаннях легалізацыі знаходжання замежнікаў.

Нагадаем, што на нашым сайце ў рубрыцы “Даведнік легалізацыі” вы таксама можаце знайсці адказы на многія пытанні легальнага знаходжання не толькі ў Польшчы, але і ў некаторых іншых краінах.