У польскіх Варшаве і Беластоку беларусы выйшлі на акцыі пратэсту
20 сакавіка 2023
294

Дыяспара ў Польшчы актыўна праявіла сябе ў прайшоўшую нядзелю 19 сакавіка 2023 года. У сталіцы краіны беларусы патрабавалі вызвалення музыкаў гурта Tor Band, а ў Беластоку – вываду расійскіх войск з тэрыторыі Беларусі.

Рагачоўскі гурт Tor Band вядомы сваімі хітамі, многія з якіх сталі сімваламі беларускай рэвалюцыі, а сам музычны калектыў стаў неад’емнай часткай гістарычных падзей 2020 года. Кліпы гурта набіралі мільёны праглядаў за некалькі дзён. Кантэнт калектыву не насіў прамых заклікаў да дзеянняў, але глядзець скрозь пальцы на такую папулярнасць групы, якая арыентавана на актыўную частку грамадства было ўжо немагчыма”, – паведамляе тэлеграм-канал “Акцыі беларусаў Варшавы”.

У выніку ў кастрычніку 2022 года найпапулярныя хіты «Жыве», «Хто, калі не мы», «Маці», «Мы – не народзец», «Беларус беларусу беларус», «Мы станем мацней», «Родная зямля» былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. У студзені 2023 года ўжо гурт быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Музыкам прад’явілі абвінавачванні па трох крымінальных артыкулах. Ім пагражаюць велізарныя тэрміны да 10 гадоў зняволення.

Беларусы не забыліся і не забудуць герояў беларускай барацьбы за свабоду. Свабоду Tor Band. Свабоду палітвязням!” – перадае патрабаванні ўдзельнікаў варшаўскай акцыі тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья”.

У той жа дзень у Беластоку некалькі дзясяткаў беларусаў і ўкраінцаў прыйшлі да Генеральнага консульства РБ, каб выказаць пратэст супраць акупацыі Беларусі расійскімі войскамі, супраць расійскай агрэсіі і рэпрэсій з боку рэжыма Аляксандра Лукашэнкі, перадае Радыё Ўнэт.

«Сёння наша акцыя – гэта акцыя пратэсту супраць знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі», – заявіў, адкрываючы мерапрыемства, актывіст дыяспары Ян Абадоўскі.

Удзел у акцыі прынялі і грамадзяне Украіны. Выступаўшы ад іх імя Антон з Кіева, прамаўляючы на ўкраінскай мове, адзначаў, што ўжо больш за год цягнецца вайна, і ўжо больш за год выкарыстоўваецца беларуская тэрыторыя для расійскай зброі і навучання расійскіх мабілізаваных. «Нядаўна Пуцін атрымаў ордэр на арышт з Гаагі, але і Лукашэнка таксама павінен атрымаць такі ордэр, і павінен сядзець недзе па суседству. На жаль, зараз не 45-ы год, і Нюрбергскі трыбунал не закончыцца павешаннем віноўных – ім прыйдзецца трохі пасядзець. Але я веру ў тое, што і Беларусь, і Украіна будуць вольнымі», – сказаў украінскі ўдзельнік мітынгу.

Надзея Салаўёва з Магілёва ўзгадала, як у 2019 годзе яна ўдзельнічала ў так званых парламентскіх выбарах ад Партыі БНФ і адзіная стаяла ў цэнтры горада з плакатам з патрабаваннем спыніць расійскую акупацыю Беларусі.

«Кіраўніцтва Расіі сваю краіну практычна раскрала», – адзначыў актывіст з Гродна Сяргей Верамеенка.

Удзельнікі акцыі не абышлі ўвагай і падзеі апошніх дзён – прысуд чатыром палітзняволеным жанчынам – Марыне Золатавай, Валерыі Касцюговай, Людміле Чэкінай, Таццяне Кузінай, якія атрымалі вялічэзныя тэрміны калоніі за сваю журналісцкую і навуковую дзейнасць. Удзельнікі акцыі запатрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў. Сябра загінуўшага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка Сяргей Пантус прыгадаў апошнія падзеі ў Гродна, адкуль паступіла інфармацыя аб забойстве нейкага замежнага грамадзяніна, які пры затрыманні сілавікамі аказаў узброены супраціў.

«Спадзяюся, што беларусы атрымалі прышчэпку, што па-добраму з дыктатурай нельга. І выйсце толькі адно – барацьба», – заявіў адзін з выступаўшых.

Напрыканцы акцыі ўсіх прысутных запрасілі на шматлікія беластоцкія мерапрыемствы, прымеркаваныя да 105-ых угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай рэспублікі.

Нагадаем, што беларусы Беластока таксама выказвалі падтрымку арыштаваным удзельнікам гурта Tor Band. Гэта адбылося на беразе гарадскога возера 6 лістапада 2022 года.

Адзначым, што варшаўскія беларусы выходзяць штотыдзень на нядзельныя акцыі, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў Беларусі.

Фота і відэа: тэлеграм-канал “Беларусы зарубежья” і Радыё Ўнэт