У польскім Беластоку адкрылася фотавыстава партрэтаў беларусаў дыяспары
29 лістапада 2022
170

Адзінаццаць партрэтаў беларусаў дыяспары, якія жывуць і працуюць у Беластоку, прадстаўлены на фотавыставе, што адкрылася 29 лістапада 2022 года ў тамтэйшым гандлёвым цэнтры “Альфа”.

Гэтай выставай мы хочам прыблізіць фігуры і гісторыі міграцыі беларусаў, якія жывуць у Беластоку”, – так тлумачаць сэнс выставы яе арганізатары – фонд “Акно на ўсход”, а таксама спонсары – фонд KGHM “Польская медзь”. Мерапрыемства праходзіць пад патранатам беластоцкіх улад.

Беласток ёсць новым домам для тысячаў мігрантаў з Беларусі, адзначалася на прэзентацыі выставы. “Тут жывуць, тут працуюць, тут ствараюць сем’і. Яны нашы калегі па працы і суседзі. Яны актыўныя ў прафесіі і грамадскім жыцці, яны з’яўляюцца каштоўнай часткай нашай мясцовай супольнасці. Яны прадаўцы, якіх сустракаем у краме, кіроўцы мясцовых аўтобусаў, якія вязуць нас на працу, урачы і медсёстры, якія дбаюць пра наша здароўе!” – паведамляюць стваральнікі выставы.

Для горада ёсць найбольшым кампліментам, калі з усіх месц на свеце і ў тым ліку ў Польшчы гэтыя людзі выбралі Беласток, як месца, дзе хочуць жыць. І гэта вельмі добра для нас, што стварылі мы такі горад і такую супольнасць, у якім гэтыя людзі хочуць быць”, – адзначалася на вернісажы.

Выстава фотапартрэтаў з невялікімі біяграфічнымі расповядамі аб героях працягнецца да 11 снежня 2022 года.