У польскім Беластоку беларусы правялі акцыю салідарнасці з палітвязнямі
4 снежня 2022
138

Каля 70 прадстаўнікоў беларускай дыяспары і меншасці ў Беластоку 4 снежня 2022 года патрабавалі спыніць катаванні палітвязняў у лукашэнкаўскіх турмах і калоніях.

Акцыя, як і многія папярэднія, прайшла на вуліцы Вольнай Беларусі перад будынкам беларускага консульства. Прысутныя выйшлі з адмысловымі плакатамі, на якіх былі напісаны імёны палітвязняў, бел-чырвона-белымі сцягамі, партрэтамі палітычных зняволеных.

Тое, што робіць рэжым Лукашэнкі выклікае толькі нянавісць, гаварылі выступаючыя на мітынгу. Яны агадалі, што днямі адна з лідараў беларускага пратэста 2020 года Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю з-за рэзкага пагаршэння здароўя. Больш жорсткія ўмовы ўтрымання створаны для другога прадстаўніка былой каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Максіма Знака. Катуюць у няволі лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча. Забараняць нават вочы падымаць на іншых палітзняволеных асуджанай журналістцы Кацярыне Андрэевай.

Выступоўцы адзначалі сувязь дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі з вайной, якую прэзідэнт Расіі Ўладзімір Пуцін пачаў супраць Украіны, і заклікалі не забывацца пра гэта кіраўнікоў еўрапейскіх краін.

Нагадаем, што колькасць прызнаных палітвязнямі ў Беларусі на 30 лістапада 2022 года склала 1449 чалавек. Калоніі пакідаюць адны асуджаныя за ”палітыку”, а на іх месца прыходзяць наступныя.

Фота: Facebook “Беларуская дыяспара Беластока”