У польскім Любліне з’явіўся беларускамоўны кніжны клуб
18 студзеня 2023
140

Кніжны клуб «Глыбока-глыбока, на дне філіжанкі кавы» стаў новай беларускай ініцыятывай, якую рэалізавала дыяспара ў Любліне.

«Глыбока-глыбока, на дне філіжанкі кавы» – гэта фраза аўтарства мастака і культуролага Міхала Анемпадыстава. “Мы думалі яе неяк скараціць, бо назва не вельмі зручная. Але адна з мэтаў нашага клуба – гэта дапамога людзям у пераходзе на беларускую мову. Таму, сапраўды – гэта размовы доўгія і глыбокія», – распавяла Радыё “Ўнэт” адна са стваральніц ініцыятывы, выкладчыца Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры Ірына Лапо.

Клуб створаны для таго, каб сустракацца, яднацца і размаўляць на роднай мове. У першую чаргу арганізатары плануюць абмяркоўваць беларускую сучасную літаратуру, але ў перспектыве не толькі кніжныя дыскусіі. Дэбютная сустрэча адбылася 14 студзеня 2023 года.

Мы хочам давесці, што беларусы — гэта не толькі людзі на балоце, але і людзі ў Празе, у Варшаве, у Парыжы, якія пішуць для нас свае творы”, – кажа Ірына Лапо, адзначаючы, што на наступнай сустрэчы планіуецца абмяркаваць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?».

У цяперашні момант некалькі арганізацый дыяспары плануюць правядзенне 21 студзеня 2023 года ў Варшаве канферэнцыі «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні», якая мусіць стаць устаноўчым сходам па заснаванні Інстытута беларускай кнігі.

У снежні 2022 года Беларуская рады культуры стварыла “Магістрат “Кнігаўка” для збора грошай на аднаўленне дзейнасці выдавецтва Андрэя Янушкевіча і выдання кніг на беларускай мове. Як паведамлялася ў кастрычніку 2022 года, кнігавыдавец Андрэй Янушкевіч рыхтуе восем кніг да выдання ў Польшчы.

Фота: zviazda.by