У польскім Сопаце ўпершыню прайшоў беларускі Мара Фэст
12 верасня 2022
210

Асацыяцыі беларусаў Памор’я пры падтрымцы адміністрацыі горада Сопата і партнёраў зладзіла фестываль Мара Фэст. Частка грошай ад продажу білетаў на яго пойдзе ў кіеўскі Міжнародны фонд медыцынскіх інавацый.

Беларускі фестываль Мара Фэст прайшоў, як і планавалася, 10 верасня 2022 года. На яго прыйшло больш за 700 чалавек, бо менавіта столькі было прададзена білетаў, паведамляе “Наша Ніва”.

Мерапрыемства, якое павітаў прэзідэнт Сопата Яцэк Карноўскі, арганізатары назвалі “фестывалем свабодных беларусаў”. Прыйшоўшыя на яго маглі пабачыць выступленне трупы ” Купалаўцы”, барда Зміцера Вайцюшкевіча, NaviBand, Nizkiz і іншых, перадае “Нямецкая хваля”.

Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, фестываль наведалі многа людзей – перш за ўсё, беларусы, якія аказаліся ў эміграцыі. Як тлумачылі наведвальнікі, для іх імпрэза стала месцам спаткання з землякамі і пачуцця Беларусі. Таму агульнае жаданне, якое яны выказвалі можна коратка перадаць словамі: “каб скончылася вайна ва Украіне, каб Беларусь стала свабоднай, а мільёны людзей змаглі вярнуцца дадому“.

Фота: “Наша Ніва”