У Празе адзначылі 505-я ўгодкі беларускага кнігадрукавання
7 жніўня 2022
231

Пражскія беларусы 6 жніўня ўшанавалі 505-ую гадавіну выдання першай беларускай друкаванай кнігі «Псалтыр», якую выдаў там у 1517 годзе наш першадрукар Францыск Скарына.

Пра падзею каля помніка Скарыне распавёў у сваім Facebook журналіст і грамадскі дзеяч Сяргей Навумчык. Паводле яго, удзел у мерапрыемстве прынялі дэпутат парламента Чэхіі, кіраўніца дыпмісіі Польшчы, чэшскіх і польскіх навукоўцаў. «З амбасады РБ не было нікога», – сведчыць Навумчык.

Як адзначыла адна ў каментарах карыстальніца Крысціна Шыянок, на мерапрыемстве прагучаў віншавальны зварот да беларусаў і беларусак Чэхіі, дасланы Святланай Ціханоўскай.

Нагадаем, першая друкаваная беларуская кніга – «Псалтыр» была выдана ў замежжы. Гэта адбылося 6 жніўня 1517 года дзякуючы Скарыне, які тады жыў у Празе.

«Псалтыр» Скарыны быў не проста кнігай, а падручнікам, бо змяшчаў разнастайныя веды. Асветнік падкрэслівае навучальны характар першадруку: «Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполной Бивлии, Псалтыру, чти ее».

Паводле Вікіпедыі, скарынаўскі «Псалтыр» выдадзены на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі.

Друкаваная біблія Францыска Скарыны – пятая ў свеце, выданая на жывой тагачаснай мове, пасля нямецкага, італьянскага, чэскага і галандскага перакладаў.

Фота з FB Сяргея Навумчыка.