У Сан-Францыска далі дазвол на стварэнне беларускага мурала
6 сакавіка 2023
204

У амерыканскім Сан-Францыска беларуская грамада шукае грошы і валанцёраў для стварэння ў горадзе мурала з выявамі традыцыйных сімвалаў Беларусі.

Наша мэта – дадаць частку беларускай ідэнтычнасці на вуліцы Сан-Францыска і зрабіць горад больш прыгожым і разнастайным. Пасля доўгіх пошукаў мы, нарэшце, знайшлі сцяну і атрымалі дазвол”, – распавядаецца ў тэлеграм-канале Асацыяцыі беларусаў Амерыкі.

Згодна паведамленя, мурал будзе складацца з традыцыйных беларускіх сімвалаў: зубра, дзяўчыны ў нацыянальным касцюме і вогнішча ў Купалле. Таксама там змешчаны выявы пано, якія плануецца аб’яднаць у адзін малюнак.

Пано створана 15-гадовым мастаком беларускага паходжання Сашай Германам, а прафесійны мураліст Хосуэ Рохас забяспечыць тэхнічнае кіраўніцтва працай над муралам. Тэрміны рэалізацыі праекта – ад 20 сакавіка 2023 года да 2 красавіка 2023 года.

Беларусы Сан-Францыска запрашаюць да ўдзелу ў дапамозе. “Гэта вялікі праект! Мы вітаем усіх, хто хацеў бы дапамагчы ў гэтым працэсе (досвед працы мастаком не патрабуецца). 1 красавіка ў нас будзе адзін дзень супольнасці, калі любы жадаючы зможа прыйсці і дадаць канчатковыя дэталі да мурала. Акрамя таго, у перыяд з 21 па 31 сакавіка нам спатрэбіцца шмат працоўных рук”, – гаворыцца ў паведамленні пра мурал. Яно таксама змяшчае кантакты для жадаючых дапамагчы фізічна ці грошамі.

Агулам на стварэнне мурала патрабуецца, паводле беларусаў Сан-Францыска, тры тысячы долараў. “Калі ў нас застануцца нейкія грошы – яны пойдуць на дапамогу сем’ям палітвязняў у Беларусі. На дадзены момант у краіне налічваецца больш за 1500 палітычных зняволеных. Большасць з гэтых людзей падвергліся палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу ў сувязі з падзеямі, якія адбыліся падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Грошы будуць ахвяраваныя на некамерцыйную ініцыятыву dissitentby.com . Вы можаце прачытаць, як будуць выкарыстоўвацца ахвяраванні, тут: https://dissidentby.com/en/support”, – адзначаецца ў паведамленні.

Варта адзначыць, што муралы, звязаныя з Беларуссю, ужо ёсць у іншых гарадах свету. Так, у верасні 2022 года сімвал Плошчы Перамен – мурал “Дыджэі перамен” з’явіўся на сцяне ў польскім Беластоку.  21 снежня 2022 года насупраць пасольства Беларусі ў Вільні была ўрачыста адкрыта фрэска ў гонар палітзняволенага праваабаронцы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

Фота: тэлеграм-канал Асацыяцыі беларусаў Амерыкі